Logo Polskiego Radia
Print

Кашачая фэрма ў менскай кватэры

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.02.2012 09:22
Жыхарка сталіцы разводзіла ў сваёй аднапакаёвай кватэры пародзістых котак. І калі ў студзені жанчына памёрла, на кухні гэтай кватэры знайшлі 45 жывёлак – галодных і хворых.

Усіх вусатых-паласатых прытулілі актывісты аб’яднаньня абароны жывёлаў “Эгіда”. Старшыня гэтай арганізацыі, Натальля Бялянава, распавяла пра тое, што коткі выглядалі хворымі: амаль ва ўсіх былі гнойныя вочы. Хвасты былі падобныя на аголеныя палачкі, зь іх павыпадала поўсьць. У кватэры стаяў такі сьмярдзёж, што некаторыя актывісты “Эгіды” не змаглі знаходзіцца ў ёй фізычна.

Цяпер можна толькі здагадвацца, навошта жанчына трымала на кухні столькі котак. Па меркаваньню Натальлі Бялянавай, жыхарка Менска разводзіла жывёлак для продажу. Нездарма ўсе коткі – пародзістыя, так званыя “пэрсы”, і “блакітныя”. Тыя жывёлкі, якіх прадаваць не атрымлівалася, працягвалі жыць на кухні.

Цікава, што суседзі ня ведалі пра існаваньне кашачай фэрмы ў сваім пад’езьдзе.

Актывісты “Эгіды”, зьмясьціўшы абвесткі ў сацыяльнх сетках, ужо знайшлі новых гаспадароў тром дзясяткам котак.

Аляксандар Парошын

tags: жывёлы
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт