МЗС: Няма неабходнасьці ў візыце Лёнінга
PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz
09.02.2012 13:23
Беларускі бок ня бачыць неабходнасьці ў візыце ўпаўнаважанага нямецкага ўраду.
Беларускі бок ня бачыць неабходнасьці ў візыце Маркуса Лёнінга ў Менск, заяўляе Міністэрства замежных справаў Беларусі.
На жаль, ягоны „ўклад“ у беларуска-нямецкія адносіны нельга адзначыць у якасьці пазытыўнага, напісана ў заяве, зьмешчанай на сайце МЗС.
У ёй гаворыцца, што беларускі бок не пакінуў без увагі „неаднаразовыя адмовы ва ўезьдзе ў Нямеччыну беларускім афіцыйным асобам, у тым ліку тым, што мелі актуальныя шэнгенскія візы й павінны былі ўдзельнічаць у мерапрыемствах міжнароднага характару“.
Беларускі бок канстатуе, што для перадачы ліста, пра які кажа спадар Лёнінг, у „ганцы“ няма неабходнасьці. Дзеля гэтага існуюць агульнапрынятыя дыпляматычныя каналы. Дарэчы, нямецкі бок імі сёньня скарыстаўся й перадаў ліст, заяўляе МЗС.
Нагадаем, учора ў Беларусь ня быў упушчаны ўпаўнаважаны нямецкага ўраду Маркус Лёнінг. Падчас трохдзённага візыту ён намераваўся сустрэцца ў Менску з шэрагам беларускіх дысыдэнтаў, а таксама перадаць Аляксандру Лукашнку ліст ад кіраўніка нямецкай дыпляматыі Гіда Вэстэрвэле.
кр/mfa.gov.by/ PAP