Logo Polskiego Radia
Print

Затрымана нелегальная вайсковая тэхніка

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 09.02.2012 17:07
Кантрабанда ішла з Украіны.

Пінскія памежнікі выявілі аўтамабіль “УАЗ”, у якім перавозілася тэхніка з Украіны. Дзевяць скрыняў з навігацыйным абсталяваньнем вайсковага прызначэньня.

Як паведамляе прэсавая служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, інфармацыя наконт перапраўкі аўтамабіля з тэхнікай паступіла ананімна.

Ужо раніцай чацьвёртага лютага той самы “ЎАЗ” знайшлі побач зь вёскай Ямнае Столінскага раёна. Машына, па словах памежнікаў, загрузла у мэліярацыйным канале. Вайсковая кантрабанда не даехала да пункта прызначэньня (населенага пункта Белавуша) блізу пятнаццаці кілямэтраў.

У машыне знайшлі шэсьць блёкаў кіраваньня агнём для супрацьтанкавых рэактыўных снарадаў, а таксама тэхніку для навігацыйных сыстэм верталётаў “МІ-8” і “МІ-24”.

Аўтамабілем кіраваў 53-гадовы жыхар Столінскага раёна. Па яго словах, груз папрасілі перавезьці невядомыя, шчодра за гэта заплацілі. Што было ў машыне, кіроўца нібыта ня ведаў.

Навошта груз вайсковага прызначэньня ўвозілі ў Беларусь? Пакуль гэта таямніца. Афіцыйна паведамляецца, што Столінскае РАЎС праводзіць праверку па факце кантрабанднага перамяшчэньня спэцыяльнай тэхнікі.

Аляксандар Парошын

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт