Logo Polskiego Radia
Print

Самаадчуваньне Бандарэнкі пагоршылася

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 09.02.2012 17:40
Пра гэта заявіла жонка палітвязьня Вольга.

Самаадчуваньне палітзьняволенага Дзьмітрыя Бандарэнкі, які знаходзіцца ў магілёўскай калёніі № 15, пагоршылася, паведаміла яго жонка Вольга са спасылкай на адваката.

"Адвакат сказаў, што ў яго вельмі баліць сьпіна, паясьніца, болі вельмі моцныя, гэта значыць вельмі дрэнна", — паведаміла жонка палітыка.

Учора ў калёніі засядала камісія, якая разглядала магчымасьць зьмяненьня асобным зьняволеным меры пакараньня. У тым ліку разглядалася прашэньне аб памілаваньні, якое Бандарэнка напісаў на імя Лукашэнкі 1 лютага.

Начальнік калёніі Сяргей Маханькоў заявіў Вользе Бандарэнцы, што адміністрацыя калёніі ня будзе хадайнічаць перад камісіяй па памілаваньні пры прэзыдэнце аб яго вызваленьні. З чым гэта зьвязана, жанчыне не растлумачылі.

Цяпер, згодна з працэдурай, прашэньне аб памілаваньні адміністрацыя калёніі № 15 павінна адправіць Лукашэнку, прыклаўшы свае рэкамэндацыі на гэты конт.

Вольга Бандарэнка выказала незразуменьне наконт пазыцыі адміністрацыі калёніі, прадстаўнікі якой неаднаразова рэкамэндавалі палітвязьню зьвярнуцца да прэзыдэнта з прашэньнем.

кр/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт