Расейскія прафсаюзы пагражаюць байкотам беларускіх тавараў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
22.02.2012 17:09
Канфэдэрацыя працы Расеі заступаецца за незалежныя беларускія прафсаюзы й за Аляксандра Ярашука.
Канфэдэрацыя працы Расеі асудзіла ціск з боку беларускіх уладаў на прафсаюзны рух краіны ў цэлым і ў прыватнасьці на старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука. Паводле слоў прэзыдэнта Канфэдэрацыі працы Расеі Барыса Краўчанкі, на знак салідарнасьці Канфэдэрацыя можа заклікаць да байкоту беларускіх тавараў.
Расейскія прафсаюзы ўважліва назіраюць за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх прадпрыемствах, дзе члены прафсаюзаў, якія ўваходзяць у БКДП, вядуць барацьбу за права на аб'яднаньне ў самакіравальныя арганізацыі, - адзначыў Барыс Краўчанка.
"Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь можа пакінуць свае спробы заткнуць рот Аляксандру Ярашуку, - ён паводзіць сябе ўзважана й адказна. Калі ж паўстане рэальная неабходнасьць у жорсткіх салідарных дзеяньнях з боку прафсаюзаў, то да байкоту беларускіх тавараў з боку замежных спажыўцоў пакліча наш прафцэнтар – Канфэдэрацыя працы Расеі, - заявіў прэзыдэнт Канфэдэрацыі працы Расеі.
Нагадаем, Генэральная пракуратура Беларусі 14 лютага вынесла афіцыйнае папярэджаньне Аляксандру Ярашуку з нагоды яго выказваньняў аб магчымасьці байкоту беларускіх тавараў з боку ЭЗ. Лідара БКДП афіцыйна папярэдзілі аб яго адказнасьці паводле Крымінальнага кодэксу і прыгразілі пазбаўленьнем волі да пяці гадоў.
яс/telegraf.by