Logo Polskiego Radia
Print

Галяндыя не выключае эканамічных санкцыяў...

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.02.2013 17:59
Але будзе перадусім падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі – заявіў міністар замежных справаў Нідэрляндаў.

Галяндыя не выключае выкарыстаньня эканамічных санкцыяў супраць Менска, аднак галоўныя высілкі будзе скіроўваць на падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Нідэрляндаў Франс Ціммерманс. Ён знаходзіцца з афіцыйным візытам у Варшаве.

На пытаньне, ці гатовая Галяндыя абмежаваць імпарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ў выпадку грубых парушэньняў правоў чалавека, міністар адказаў наступнае:

Ф. Ціммерманс: Мы можам прымяніць эканамічныя санкцыі, калі гэта будзе неабходна. Пакуль што сярод маіх эўрапейскіх калегаў няма адназначнага меркаваньня наконт іх эфэкту. Я думаю, што падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі сёньня важнейшая. Мы павінныя падтрымліваць незалежныя СМІ, ЛГБТ-групы, якія цяпер жорстка перасьледуюць... Мы будзем працягваць фінансаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, дзе навучаюцца таленавітая моладзь зь Беларусі. Гэта рэчы, якія мы намераныя рабіць і ў якія мы намераныя укладаць сродкі.

Нідэрлянды зьяўляюцца найбуйнейшым імпарцёрам беларускіх нафтапрадуктаў. Каля 10% гандлёвага звароту Беларусі ў мінулым годзе прыходзілася на гэтую краіну.

Аляксандар Папко, Варшава

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт