Logo Polskiego Radia
Print

Украінцы арганізавалі ў Варшаве Майдан (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.11.2013 18:39
  • Украінцы арганізавалі ў Варшаве Майдан.mp3
Больш за 600 украінцаў пратэставалі супраць адмовы Віктара Януковіча падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Больш за 600 украінцаў пратэставалі сёньня ў Варшаве супраць рашэньня Віктара Януковіча адкласьці падпісаньне дамовы аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам. У акцыі удзельнічалі пераважна маладыя людзі, якія вучацца ці працуюць ў Польшчы. Нечаканае рашэньне Віктара Януковіча супярэчыць як нацыянальным інтарэсам Украіны, так і волі пераважнай большасьці народу – кажа адна з арганізатараў мітынгу Натальля Панчанка.

Н. Панчанка: Мы прыйшлі сюды, каб выразіць сваё меркаваньне і волю народу. Мы хочам зьвярнуцца да ўраду з патрабаваньнем падпісаць дамову аб асацыяцыі. І спадзяемся, што на саміце ў Вільні 29 лістапада яе ўсё ж падпішуць.

Украінскі студэнт Аляксандар Бужыньскі спадзяецца, што пратэсты, якія пракаціліся па ўсёй Украіне, прычыняцца да паразы Віктара Януковіча на наступных выбарах.

А. Бужыньскі: Я хачу паказаць, што ня згодны з палітыкай ураду, які аднаасобна прыняў такое важнае рашэньне, не параіўшыся з грамадзтвам. Гэта супярэчыць канстытуцыі Ўкраіны!

Падтрымаць украінцаў прыйшлі больш за паўтара дзесяткі беларусаў. Перад мітынгоўцамі выступіў старшыня Беларускага цэнтру ва Ўкраіне Вячаслаў Сіўчык

/

В. Сіўчык: Тое, што адбываецца ва Ўкраіне будзе мець важныя наступствы ня толькі для нашых братоў-украінцаў, але і для ўсёй Усходняй Эўропы!

Падтрымаць суседзяў-украінцаў у цяжкі момант, значыць заручыцца іх павагай і падтрымкай у будучыні – лічыць удзельнік мітынгу, студэнт Сяргей Калееў.

/

С. Калееў: Шчасьце Беларусі залежыць ад шчасьця Ўкраіны. Чым больш мы будзем мець эўрапейскіх суседзяў, тым лепшая будзе сытуацыя ў Беларусі.

Арганізатары мітынгу пад амбасадай Украіны сабралі 636 подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем як мага хутчэй падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам. У нядзелю Эўрамайданы прайшлі ў больш як 10 гарадах Украіны. Акрамя таго, ўкраінцы пратэставалі ў Варшаве, Кракаве, Ўроцлаве, Парыжы, Брусэлі, Лёндане, Бэрліне, Лісабоне, Рыме, Таліне, Нью-Ёрку, Чыкага й Вашынгтоне.

Аляксандар Папко, Варшава.

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт