Logo Polskiego Radia
Print

Затрыманы мужчына, які пагражаў забіць Сікорскага

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.02.2015 13:29
Ён дабраахвотна здаўся паліцыі.
PAPPAP

Затрыманы мужчына, які пагражаў сьмерцьцю маршалку Польшчы Радаславу Сікорскаму. Ён дабраахвотна здаўся паліцыі.

Паліцыянты зь Любліна затрымалі мужчыну, які пагражаў маршалку Сікорскаму сьмерцьцю. 38-гадовы Пшэмыслаў П. праслуханы й перавезены ў пракуратуру ў Быдгашч. Паліцыя правярае яго кампутар, каб пацьвердзіць вэрсію мужчыны.

Калі прызнаньні падазраванага пацьвердзяцца, то можа яму пагражаць жорсткае пакараньне. За пагрозу жыцьцю адной ці многім людзям пагражае восем гадоў пазбаўленьня волі.

Маршалак Радаслаў Сікорскі ў аўторак атрымаў ліст з пагрозамі. Падобныя пагрозы атрымалі працаўнікі яго дэпутацкага бюро ў Быдгашчы. У лісьце, між іншым, была інфармацыя аб падкладзенай бомбе. “Праз 24 гадзіны Радэк Сікорскі загіне, ён будзе забіты. Заўтра ў 12 я падкладу ў вашым бюро бомбу. Працуеце для Радзя – загінеце. Вы павінны памерсьці, гэта цана за свабодную Польшчу” – гэта фрагмэнт ліста, які атрымалі працаўнікі дэпутацкага бюро Сікорскага.

У будынку працавалі піратэхнікі, якія правяралі, ці там сапраўды не падкладзена бомба. Нічога не было знойдзена.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт