Logo Polskiego Radia
Print

100 тысяч подпісаў за "сьвецкую школу"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.10.2015 09:00
  • Рэлігія.mp3
Арганізатары ініцыятывы хочуць спыніць фінансаваньне ўрокаў рэлігіі з бюджэту краіны.
Foto: flickr.com

У Польшчы 100 тысяч подпісаў сабрана пад грамадзянскай ініцыятывай «Сьвецкая школа». Пра гэта на днях паінфармавалі арганізатары акцыі. Мэта ініцыятывы – спыненьне фінансаваньня ўрокаў рэлігіі з бюджэту краіны і прызначэньне гэтых сродкаў, напрыклад, на дадатковыя ўрокі замежнай мовы.

Арганізатары адзначаюць, што цяпер сабраныя подпісы павінны быць правераныя. Чакаецца, што 5 кастрычніка подпісы будуць перададзеныя ў Канцылярыю Сэйма.
Паводле аўтараў ініцыятывы, урокі рэлігіі азначаюць для грамадзян кошт 1 млд 350 млн злотых. Таму яны прапануюць прызначыць гэтыя грошы на іншыя мэты – урокі замежнай мовы ці на стварэньне інфарматычных клясаў у школах.

«Людзі ня маюць нічога супраць рэлігіі. Залежыць ім толькі на тым, каб яна не была фінансаваная з агульнага бюджэту. Палякі больш адкрытыя, чым эпіскапат і палітыкі, якія іх прадстаўляюць. Палякам не падабаецца прагнасьць Касьцёла», – адзначаюць арганізатары збору подпісаў. «Мы хочам, каб рэлігія замест абавязковага прадмету, адзнака па якім была на атэстаце, і на які ходзіцца пад прымусам, стала дадатковым прадметам».

Арганізатары ініцыятывы заявілі, што будуць высылаць інфармацыю выбарчым камітэтам, пытацца ў палітыкаў падчас парлямэнцкай кампаніі пра іх стаўленьне да акцыі, а таксама будуць заахвочваць, каб яны падпісаліся пад ініцыятывай.
Збор подпісаў пачаўся ў сярэдзіне жніўня. 1 верасьня ў Сэйме прайшло публічнае слуханьне, якое тычылася ініцыятывы «Сьвецкая школа».

Нагадаем, у Польшчы ўрокі рэлігіі праходзяць у школах. Адзнака з прадмета выстаўляецца на атэстаце. Усё ж бацькі маюць выбар, ці пасылаць дзіця на ўрок рэлігіі, ці выбраць этыку. Зарплату катэхэтам плаціць дзяржава. Гэта вынік падпісанага паміж Польшчаю й Ватыканам канкардату.

ав


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт