Logo Polskiego Radia
Print

Польшча будзе сурова караць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.06.2016 14:31
Міністэрства юстыцыі патрабуе доўгіх тэрмінаў турэмнага зьняволеньня й буйных штрафаў.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Польскае Міністэрства юстыцыі працуе над зьменамі ў закон аб ахове жывёлаў. Іх мэтай зьяўляецца ўвядзеньне больш строгага пакараньня людзей, якія зьдзекваюцца над жывёламі. „Мы працуем над некаторымі рашэньнямі, якія неўзабаве прадставім”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolia” прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Сэбаст'ян Калета (Sebastian Kaleta).

Паводле газэты, урад хоча павысіць пакараньне за забойства жывёл і зьдзек над імі да трох гадоў пазбаўленьня волі, а ў выпадку асабліва жорсткіх злачынстваў - да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Паводле дзейсных законаў, суд можа прысудзіць адпаведна да 2 або 3 гадоў. Аднак праблема зводзіцца да таго, што судовыя прыгаворы зводзіліся галоўным чынам да штрафаў.

Цяпер Міністэрства юстыцыі хоча ўвесьці абавязковы штраф у якасьці найбольш эфэктыўнай і балючай меры ў дачыненьні да вінаватых. Памер штрафу павінен складаць ад 1 да 100 тыс. злотых (прыкладна ад 220 да 22 тыс. 600 эўра) і пералічвацца на рахунак арганізацыяў па абароне правоў жывёлаў.

Паводле статыстычных дадзеных, з 2008 году агульная колькасьць канчатковых прысудаў паводле Артыкула 35-га Закона аб ахове жывёл практычна не зьмяняецца. У гэтым часе значна павялічылася колькасьць прысуджаных за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. У сваю чаргу зьменшылася колькасьць прысудаў за іх забойства.

Паводле апазыцыйнага дэпутата Артура Дуніна (Artur Dunin), асноўная праблема - гэта мэнталітэт судзьдзяў. „У гэтым пытаньні шмат што трэба яшчэ зрабіць, але прапанова ўраду, калі яна ня будзе зьмененая падчас заканадаўчай працы, рухаецца ў правільным напрамку”, - кажа дэпутат у размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт