Logo Polskiego Radia
Print

Польшча плянуе купіць 96 ужываных амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.01.2017 12:28
Калі плян будзе рэалізаваны, то краіна апынецца сярод лідараў паветраных сіл краін NATO.
F-16 F-16 commons.wikimedia.org/Alan Wilson/CC BY-SA 2.0

Dziennik Gazeta Prawna: Міністэрства нацыянальнай абароны задумваецца над пакупкай 96 ужываных амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16. Іх мадэрнізацыя адбывалася б у Польшчы. Калі плян будзе рэалізаваны, то краіна апынецца сярод лідараў паветраных сіл краін NATO. Памяняецца таксама расклад сіл у параўнаньні з Расеяй, ключавым пунктам ваеннай дактрыны якой зьяўляецца перавага ў паветры.

«Мы аналізуем, ці пакупка ўжываных самалётаў F-16 будзе апэрацыйна і эканамічна эфэктыўнай», – гаворыць у размове з газэтай віцэ-міністар абароны Барташ Каўнацкі. Адначасова ён дадае, што на шляху да мэты ёсьць пэўныя «цяжкасьці». «Нам патрэбныя новыя баявыя самалёты. Аднак пакупка F-35 (навейшы і даражэйшы чым F-16) на гэтым этапе не абгрунтавана эканамічна. Усё ж нешта трэба будзе выбраць», – гаворыць палітык.

Такім выбарам могуць стаць ужываныя зьнішчальнікі. Гаворка ідзе нават пра 96 штук. Купленыя F-16 мадэрнізаваліся б у Быдгашчы. Згаданыя віцэ-міністрам «цяжкасьці» – гэта факт, што купіць можна зьнішчальнікі клясу А і В (гэта больш старая вэрсія, новымі зьяўляюцца машыны тыпу С i D). Газэта задае пытаньне, ці зьнішчальнікі старога тыпу з 80-х гадоў (тып А і В) удасца мадэрнізаваць так, каб яны адпавядалі патрабаваньням сучаснай вайны.

У дадзены момант у наяўнасьці польскіх паветраных служб ёсьць 48 самалётаў F-16 тыпу С i D. Дадаткова ёсьць 32 старых МіГ-29 і яшчэ больш выпрацаваных штурмавікоў Су-22, якія неўзабаве павінны быць выведзеныя з карыстаньня. Пляны пакупкі новых самалётаў знаходзяцца на ўступным этапе.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт