Logo Polskiego Radia
Print

Абвінавачаны ў шпіёнстве на карысьць Расеі юрыст асуджаны на 4 гады турмы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 20.03.2017 13:19
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён дзейнічаў на карысьць расейскай ваеннай выведкі ГРУ на шкоду Польшчы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Юрыст Станіслаў Ш., абвінавачаны ў шпіёнстве на карысьць Расеі, асуджаны на 4 гады турмы. Рашэньне вынес акруговы суд у Варшаве, прысуд можа быць абскарджаны.

Абвінавачаны не прызнаўся да абвінавачаньня, за якое яму пагражала ад году да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі. Абаронца Станіслава Ш. хацеў апраўданьня свайго кліента, паколькі, паводле яго, у справе адсутнічалі істотныя доказы віны. Пракурор патрабаваў шэсьць гадоў зьняволеньня.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён дзейнічаў на карысьць расейскай ваеннай выведкі ГРУ на шкоду Польшчы.

Працэс распачаўся ў верасьні 2016 году. Суд быў зачынены, паседжаньні праходзілі ў адмыслова забясьпечанай судовай залі з увагі на важны дзяржаўны інтарэс і выкарыстоўваньне сакрэтных матэрыялаў.

Станіслаў Ш. (мае падвойнае грамадзянства) і падпалкоўнік Войска польскага Зьбігнеў Ё. былі арыштаваныя ў кастрычніку 2014 году. Абодва мужчыны шпіёнілі на карысьць расейскай ваеннай выведкі. У 2016 годзе суд прыгаварыў Зьбігнева Ё. на 6 гадоў турмы.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт