Logo Polskiego Radia
Print

Урад падтрымлівае абмежаваньне гандлю ў нядзелю

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.03.2017 15:38
  • 21.03.2017- эканоміка.mp3
Законапраект падрыхтаваў прафсаюз «Салідарнасьць» (NSZZ «Solidarność»).
pixabay.com

Адначасова ў Польшчы няма пагрозы, што крамы будуць зачыненыя ў кожную нядзелю.

Законапраект падрыхтаваў прафсаюз «Салідарнасьць» (NSZZ «Solidarność»).

У ім прапаноўваецца ўвесьці забарону працы ў нядзелю для бальшыні гандлёвых цэнтраў і крамаў, аднак зь некаторымі выключэньнямі.

Грамадзянскім законапраектам прапаноўваецца дазволіць гандаль у дзьве нядзелі запар перад Раством, у апошнюю нядзелю перад Вялікаднем, у апошнюю нядзелю студзеня, чэрвеня, жніўня і першую нядзелю ліпеня. Прафсаюз лічыць, што на Каляды, 24 сьнежня, і Вялікую суботу перад Вялікаднем гандлёвыя цэнтры павінны працаваць да 14 гадзіны.

Паводле законапраекту «Салідарнасьці», гандаль у кожную нядзелю дазваляецца малым крамам, дзе за прылаўкам стаіць уладальнік, малым заправачным станцыям, аптэкам, крамам з сувэнірамі, крамам з кветкамі, рэстаранам, барам, хлебабулачным заводам.

Прафсаюз дамагаецца таксама штрафаў або пазбаўленьня волі нават да двух гадоў за парушэньне забароны гандлю. Урад аднак не падтрымаў апошнюю прапанову. Прэс-служба прафсаюза «Салідарнасьць» заявіла, што ня будзе адстойваць пакараньня ў выглядзе турэмнага зьняволеньня.

Агулам, урад партыі «Права і справядлівасьць» рэкамэндуе працягнуць распрацоўку гэтага законапраекта, хаця ўносіць некаторыя свае заўвагі й пытаньні, – зазначае прэс-сакратар ураду Рафаль Бахэнэк (Rafał Bochenek).

Р.Бахэнэк: Ці забаронай павінен быць ахоплены онлайн-гандаль (урад лічыць, што не), аўтаматы для продажу кавы, напояў, салодкага і г.д (таксама ўрад лічыць, што не). Ці забарона павінна распаўсюджвацца на некаторыя суб’екты гаспадараньня, як напрыклад Польская пошта (Poczta Polska)? Урад за тое, каб пошта была выключана з забароны, бо гэта прывядзе да паралічу найважнейшых дзяржаўных установаў.

Рафал Бахэнэк зазначыў, што ўрад не гатовы ацаніць эканамічны кошт прапановы прафсаюзу «Салідарнасьць», паколькі законапраект забароны гандлю ў нядзелю ў Польшчы яшчэ распрацоўваецца.

Анджэй Марʼя Фаліньскі з Польскай арганізацыі гандлю (Polska Organizacja Handlu i Dystrybucji) мяркуе, што свабодныя нядзелі могуць прывесьці да звальненьня 100 тысяч супрацоўнікаў гандлю.

Паводле эканамістаў, забарона гандлю ў нядзелю можа абысьціся польскай эканоміцы ў 1 мільярд злотых ($250 млн) у дзень, а гэта больш за 50 мільярдаў злотых ($12,5 мільярдаў) у год.

Паводле сацапытаньняў, больш чым 60 адсоткаў палякаў падтрымліваюць ідэю забароны гандлю ў нядзелю.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт