Logo Polskiego Radia
Print

Польскім экспартным фірмам не хапае кваліфікаваных працаўнікоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.06.2017 16:02
Польскія экспарцёры маюць падставы ганарыцца, але перад імі выклік – пошукі кампэтэнтных працаўнікоў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Добрыя вынікі польскіх экспартных фірмаў яшчэ больш павысілі б кваліфікаваныя працаўнікі.

Польскія экспарцёры маюць падставы ганарыцца, але перад імі выклік – пошукі кампэтэнтных працаўнікоў. Зьвярталі на гэта ўвагу ўдзельнікі юбілейнай 15-й Канфэрэнцыі Асацыяцыі польскіх экспарцёраў.

Старшыня Асацыяцыі Стэфан Ткачык паведаміў Польскаму радыё, што посьпехі кампаніі па продажу тавараў за мяжой адзначыла Міністэрства разьвіцьця.

С.Ткачык: Дзейнасьць Асацыяцыі і прыхільныя адносіны Міністэрства разьвіцьця, дапамаглі вылучыць польскія экспартныя спэцыяльнасьці. Сярод іх сельскагаспадарчая галіна й вытворчасьць мэблі, якая ў апошні час займае вельмі высокае месца – чацьвёртае ў сьвеце па экспарце. Ёсьць чым пахваліцца. Агулам вылучаных сэктараў 11, але гэта не значыць, што астатнія менш важныя. Мы імкнёмся да таго, каб захаваць пазыцыю, якую мы раней заваявалі на міжнародных рынках.

Стэфан Ткачык адзначае, што польскія экспарцёры змагаюцца з праблемай недахопу прафэсійных працаўнікоў.

С.Ткачык: У Польшчы фактычна не існуе прафэсійна-тэхнічная адукацыя. У нас вучаць на інфарматыкаў, юрыстаў, эканамістаў, а добрых прафэсійных школ няма. А нам патрэбныя звычайныя працаўнікі, якія стануць за станок і будуць працаваць. Гэта задача на наступныя гады – рэфармаваць польскую сыстэму прафэсійнай адукацыі.

Старшыня Асацыяцыі польскіх экспарцёраў падкрэсьлівае, што польскім прадпрымальнікам неабходна знаходзіць рынкі збыту паза межамі Эўразьвязу.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт