Logo Polskiego Radia
Print

Страты сельскай гаспадаркі склалі больш за 200 млн эўра

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.07.2017 09:14
  • 25.07_эканоміка.mp3
Гэта вынік неспрыяльных умоваў надворʼя, у асноўным веснавых замаразкаў, ураганаў і навальніц.
Photo: pixabay.com

Амаль на 900 млн злотых (212 млн эўра) ацэненыя страты ў сельскай гаспадарцы ў гэтым годзе. Гэта вынік неспрыяльных умоваў надворʼя, у асноўным веснавых замаразкаў, ураганаў і навальніц. Шкоды ацэньваюцца яшчэ ў больш чым тысячы муніцыпалітэтаў.

Надворʼе выклікала найбольшы ўрон у садах і парніковых тунэлях. Гэта можа прывесьці да меншага ўраджаю яблыкаў і іншай садавіны – заявіў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Рафал Раманоўскі:

Рафал Раманоўскі: Найбольшыя страты ў выніку веснавых анамалій закранулі: Мазавецкае ваяводзтва (цэнтральная частка краіны), Люблінскае (усходняя частка Польшчы) і частку Лодзінскага. Пазьней ад неспрыяльнага надвор’я пацярпела паўднёва-заходняя частка Польшчы, дзе адмоўныя атмасфэрныя зьявы нанесьлі найбольшы ўрон.

Міністэрства сельскай гаспадаркі абяцае аказаць фінансавую падтрымку пацярпелым пасьля таго, як атрымае поўную інфармацыю адносна стратаў – адзначае Раманоўскі.

Рафал Раманоўскі: Фэрмэры змогуць падаваць заявы на падтрымку толькі пасьля таго, як камісіі завершаць працу і падрыхтуюць пратаколы. На аснове дакладна вядомай сумы ўрону мы падрыхтуем распараджэньне, у якім будзе называцца сума кампэнсацыі.

У першую чаргу падтрымка дзяржавы скіраваная да тых фэрмэраў, якія страцілі 70% магчымых пладоў.

Урад заахвочвае сялян купляць страхоўкі на сельскагаспадарчую дзейнасьць. Для тых земляробаў, якія выкупілі страхоўку на 50% арэалу, стаўка кампэнсацыі будзе большай, чым для астатніх.

Дагэтуль аб стратах заявілі 26 тысяч гаспадароў.

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт