Logo Polskiego Radia
Print

Польскі ІПН абвінавачвае «The Washington Times» у фальшаваньні гісторыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.02.2018 17:07
Амэрыканская газэта абвінаваціла палякаў у антысэмітызьме й падтрымцы Галакосту.
 ipn.gov.pl

Гэта фальсыфікацыя гісторыі, заяўляюць польскія экспэрты.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы (ІПН) выступіў з пратэстам на артыкул у амэрыканскай газэце, які зьвязаў разьмяшчэньне нацысцкіх канцлягераў у Польшчы з «антысэмітызмам палякаў».

Тэза пра тое, што «антысэмітызм палякаў« паўплываў на тое, што нацысты разьмясьцілі канцэнтрацыйныя лягеры менавіта на польскай тэрыторыі зьявіўся ў артыкуле пад назвай «Чаму польскі новы закон пра Галакост – гэта зьдзек.» Ілюстрацыяй да матэрыялу амэрыканскай газэты стаў польскі сьцяг, на якім малярскім валікам замазваецца свастыка.

«Гэта праява фальшывай нарацыі пра польскую гісторыю, якая поўная скажэньняў, замоўчваньня ды ілжывых заяў», – гаворыцца ў камунікаце ІПН. «Ганебныя словы пра нібыта актыўную падтрымку вынішчэньня габрэяў з боку польскага насельніцтва зьяўляюцца несумяшчальнымі ня толькі з фактамі, але і абражаюць памяць усіх ахвяр нямецкай акупацыі і Галакосту», піша Інстытут у лісьце да рэдактара «The Washington Times».

ІПН таксама падкрэсьліў, што артыкул у амэрыканскай газэце абражае тысячы палякаў, якія аказвалі дапамогу перасьледаваным габрэям. «Здраднікі ніколі не прадстаўлялі польскага грамадзтва. Немцы невыпадкова ўвялі ў Польшчы сьмяротнае пакараньне за любую праяву падтрымкі ды ўкрывальніцтва габрэяў», гаворыцца ў паведамленьні Інстытута. «Рэспубліка Польшча ніколі не прымала ўдзел у нямецкіх злачынствах», – падкрэсьліў ІПН.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт