Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве будуюць Музэй гісторыі Польшчы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.10.2018 14:25
Каля варшаўскай Цытадэлі адбылася закладка краевугольнага камня пад новую ўстанову.
Foto: PAP/Tomasz Gzell

Мерапрыемства мела ўрачысты характар і прайшло ў прысутнасьці прэм’ер-міністра краіны Матэвуша Маравецкага ды віцэ-прэм’ера і міністра культуры Пятра Гліньскага.

Краевугольны камень атрымаў бласлаўленьне сьвятароў розных канфэсій: каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай і галоўнага рабіна Польшчы.

Разам з каменем быў замураваны акт аб заснаваньні музэя ды «капсула часу», то бок пасланьне нашчадкам з артэфактамі нашых часоў. Сярод іх - цяперашнія манэты ды купюры, асобнік штодзёнкі «Rzeczpospolita», а таксама фільм пра будаўніцтва Музэя.

Музэй гісторыі Польшчы будзе адным з самых сучасных музэйных аб'ектаў, якія будуюцца цяпер у Польшчы ды Эўропе. Там будзе пастаянная экспазыцыя плошчай 7000 квадратных мэтраў, то бок самая вялікая гістарычная выстава ў Польшчы.

Апроч таго, у будынку будзе месца на часовыя выставы, навучальны цэнтар і шмат функцыянальны канфэрэнц-цэнтар з кіна-тэатральнай заляй. Чакаецца, што музэй будуць наведваць ня менш за паўмільёна наведвальнікаў у год.

Музэй месьціцца на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі, дзе знаходзяцца таксама Музэй польскай арміі, Катыньскі музэй ды Музэй X павільёну. Усё разам – гэта будзе буйны музэйны комплекс у польскай сталіцы. Адкрыцьцё пастаяннай экспазыцыі музэю заплянавана на 2021 год.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт