Logo Polskiego Radia
Print

Усё яшчэ невядома, ці 12.11 будуць працаваць крамы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.11.2018 15:43
Усё залежыць ад таго, як інтэрпрэтаваць закон аб забароне гандлю ў нядзелі і свабодныя дні.
pixabay.com/Public Domain CC0

Да 12 лістапада засталося толькі 10 дзён, а ўсё яшчэ невядома, ці ў гэты дзень будзе працаваць польскі гандаль. Вядома, што былі ўнесеныя дапаўненьні ў прыняты Сэймам закон, які ўстанаўлівае панядзелак 12 лістапада свабодным ад працы днём. У залежнасьці ад таго, ці Сэнат дапаўненьні прыме або адхіліць, у гэты дзень гандаль зможа працаваць альбо не – нагадвае «Rzeczpospolita».

Усё залежыць ад таго, як інтэрпрэтаваць закон аб забароне гандлю ў нядзелі і свабодныя дні. Юрысты маюць розныя меркаваньні на гэты конт, але прадпрымальнікі хутчэй за ўсё і так зачыняць крамы, паколькі будуць баяцца праверкі Дзяржаўнай інспэкцыі працы, якая можа па-свойму інтэрпрэтаваць законы. Гандаль таксама ня хоча ісьці супраць улады, паколькі яго і так перапужалі словы міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбеты Рафальскай, якая заявіла, што забарона гандлю можа быць уведзена таксама ў суботы.

Камэнтатар выданьня піша, што закон аб устанаўленьні панядзелку 12 лістапада свабодным днём быў прыняты ў вялікай сьпешцы і неахайна. А не з учора ж вядома, што ў гэтым годзе прыходзіцца сотая гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы, і што дата сьвята -11 лістапада – гэта нядзеля. Тым ня менш, адпаведны закон у канчатковым выглядзе яшчэ не прыняты дэпутатамі, а калі яны яго прымуць, то прэзыдэнт падпіша дакумэнт у апошні момант. Ці нельга было зрабіць гэта раней?

На жаль, тут назіраецца польскі грэх бесклапотнасьці – як пры вызначэньні свабоднага дня 12 лістапада, так і пры ўвядзеньні свабодных ад гандлю нядзель. Павінен быць свабодны дзень, дык хай будзе, і няважна, ці гэта для кагосьці праблема, ці не. Замала часу? Нічога, прадпрымальнікі неяк справяцца. Такая трактоўка – гэта нахабнасьць улады. Дарэчы, звычайныя грамадзяне таксама ўжо маглі мець пляны на гэты дзень – у кагосьці заплянаваны разгляд справы ў судзе, візыт у дзяржаўны орган, дзелавая сустрэча і г.д.

Улада не зрабіла ніякіх высноў з таго, што прыманьне законаў у апошнюю хвіліну – гэта дрэнна, асабліва калі новае права пішуць, так сказаць, «на калене». Рыхтуючы законы, варта выключыць эмоцыі і не дазволіць засьляпіць сябе ідэяй прасунуць уласныя прапановы кожнаю цаной – піша камэнтатар выданьня.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт