Logo Polskiego Radia
Print

Польшча не адмаўляецца ад нямецкіх рэпарацый

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 14.12.2018 09:21
Польшча мае права гаварыць пра страты, панесеныя падчас Другой сусьветнай вайны, — заявіў кіраўнік МЗС Яцэк Чапутовіч.
Яцэк Чапутовіч і Хэйка МаасЯцэк Чапутовіч і Хэйка МаасФота: EPA/HAYOUNG JEON

Польшча і палякі маюць права гаварыць пра калясальныя страты, панесеныя падчас Другой сусьветнай вайны, — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч у Бэрліне. У сталіцы ФРН праходзілі перагаворы кіраўніка польскай дыпляматыі зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Хэйка Маасам.

Пасьля перагавораў Я. Чапутовіч падкрэсьліў, што Польшча і Нямеччына хочуць паглыбіць свае веды пра гісторыю ўзаемаадносін «з асаблівым улікам вопыту Другой сусьветнай вайны». Сумесныя ініцыятывы па гэтай тэме будуць рэалізаваны ў наступным годзе, калі споўніцца 80 год з пачатку вайны.

«Дыскусія пра рэпарацыі, якая адбываецца ў Польшчы, у асноўным у парлямэнце і ў экспэртных колах, уключаючы нямецкіх экспэртаў, зьяўляецца часткай нашай гістарычнай памяці», — адзначыў Я. Чапутовіч.

Кіраўнік МЗС вітаў пазытыўнае стаўленьне свайго нямецкага партнэра да ідэі будаўніцтва помніка польскім ахвярам нацысцкага рэжыму ў Бэрліне.

Адказваючы на пытаньне аб пазыцыі ФРН па пытаньні ваенных рэпарацый Польшчы, Х. Маас сказаў, што пазыцыя ўрада яго краіны «не зьмянілася». «Мы па-ранейшаму лічым, што пасьля падпісаньня дагавора «Два + чатыры» ў 1990 годзе ўсе пытаньні закрытыя». Кіраўнік нямецкай дыпляматыі ў той жа час адзначыў, што Бэрлін уважліва сочыць за дыскусіяй на гэту тэму ў Польшчы.

PAP/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт