Logo Polskiego Radia
Print

Польскі вучоны распрацоўвае Colorophone

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.12.2018 07:58
На рынку ўжо існуюць ідэнтыфікатары колераў для сьляпых, аднак Колерафон наватарскі і ўнікальны.
SplitShire/pixabay.com/CC0

Колер чыстага неба можа ўзяць нізкія гукі музыкі, колер трускаўкі – высокія, а сьнег возьме гук падобны на шум мора. Такім чынам дзейнічае Колерафон (Colorophone) - прылада, якая прадстаўляе колер з дапамогай гуку. Колерафон павінен узаемадзейнічаць з акулярамі, якімі сьляпы будзе карыстацца, напрыклад, падчас шпацыру.

Новую ідэю замены колеру гукам распрацоўвае польскі дасьледчык Дамінік Асіньскі (Dominik Osiński), які цяпер працуе ў Нарвэскім унівэрсытэце навукі і тэхналёгіі.

На аснове вывучэньня працы вока польскі вучоны з калектывам надаў гукавыя эквіваленты колерам. Чырвоны колер адпавядае высокім гукам, зялёны – гукам сярэдняй частаты, а блакітны – нізкім гукам. Белы нагадвае шум мора. Такім чынам спалучаючы паасобныя гукі, можна «зайграць» усе колеры.

Колерафон павінен дзейнічаць у відзе прыкладаньня на смартфон. Дастаткова накіраваць відэакамэру на дадзены прадмет і смартфон зазьвініць адпаведнымі да колераў гукамі.

На рынку ўжо існуюць ідэнтыфікатары колераў для сьляпых, аднак Колерафон будзе наватарскі і ўнікальны.

«Мы распрацоўваем спэцыяльныя акуляры абсталяваныя камэрай, ультрагукавым датчыкам і ўбудаванымі навушнікамі. Гэтыя акуляры дазваляюць сьляпым людзям зразумець, якога колеру абʼект, на які яны «глядзяць», і як далёка гэты аб’ект знаходзіцца...», – тлумачыць Асінскі.

Прылада дапаможа ў звычайным жыцьці, напрыклад, узяць канкрэтны ёгурт з халадзільніка, скласьці ў пару шкарпэткі, ведаць, дзе заканчваецца тратуар і пачынаецца трава, дзе знаходзіцца пешаходны пераход і г.д.

Паводле польскага дасьледчыка, Колерафон будзе гатовы праз 2-3 гады, а яго кошт не перавысіць 2 тысяч злотых ($530).

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт