Logo Polskiego Radia
Print

Бяляцкі - ляўрэат узнагароды МЗС (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 12.12.2011 19:30
Выступ міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага падчас уручэньня ўзнагароды Pro Dignitate Humana.

Шаноўная Спадарыня Натальля,

Шаноўныя Госьці,

Зьбігнеў Гэрбэрт напісаў:

„…На гэта непатрэбны быў вялікі характар

наша адмова, нязгода й упартасьць

у нас было крыху неабходнай адвагі…”

Словы паэта „Салідарнасьці” кірую да чалавека адважнага, нязломнага, шляхэтнага, абаронцы правоў чалавека, закаханага ў беларускую мову – Аляксандра Бяляцкага.

Вернага грамадзяніна Беларусі.

Той Беларусі, якая абавязалася прытрымлівацца пастановаў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека Аб’яднаных Нацый і Парыскай Хартыі АБСЭ.

Бяляцкі зьдзейсьніў найзвычайнейшы ў сьвеце ўчынак, хаця ў беларускіх умовах – незвычайны: сказаў уладзе – правяраю!

І што аказалася?

Навонкі рэжым дэкляруе пашану панадчасовых, унівэрсальных каштоўнасьцяў, каб на практыцы змагацца зь імі на кожным кроку.

Бяляцкі ня страціў надзеі. Заснаваў Цэнтар абароны правоў чалавека „Вясна”, каб мірным шляхам пачаць змаганьне за грамадзянскія правы.

Разам зь іншымі дзеячамі ачоліў Міжнародную канфэдэрацыю правоў чалавека.

За тое, што праявіў адвагу, сільны дух і сумленьне, сустрэў яго перасьлед з боку пазбаўленай дэмакратычнай і маральнай легітымнасьці ўлады.

Ягоная грамадзкая актыўнасьць на тэрыторыі Беларусі стала немагчымай, таму што ўлада дэлегалізавала Цэнтар „Вясна”.

Сёньня ён ня можа асабіста прыняць узнагароду, якая прызнаецца абаронцам правоў чалавека, таму што зьняволены на 4,5 году карнай калёніі завостранага рэжыму – асуджаны ў палітычным, паказным працэсе.

Я вельмі балюча адчуваю ягоную адсутнасьць у гэтай залі.

Працэс і прысуд Алеся Бяляцкага выклікаў міжнароднае абурэньне й пратэсты прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, кіраўнікоў дзяржаваў, прадстаўнікоў арганізацый, абараняючых правы чалавека.

Я сёньня чарговы раз заклікаю: „Спадар Лукашэнка – свабоду палітвязьням”!

Дзейнасьць Аляксандра Бяляцкага ўжо шмат разоў дацэньвалася.

Ён зьяўляецца ляўрэатам чэскай узнагароды Homo Homini, ганаровым грамадзянінам Генуі. Быў двойчы намінаваны да Нобэлеўскай прэміі міру.

Хацелася б, каб уручаная новая ўзнагарода Pro Dignitate Humana сталася чарговым істотным доказам прызнаньня для паставы Алеся Бяляцкага.

Хацелася б, каб была яна сымбалем салідарнасьці Польшчы й сьвету са справядлівым чалавекам наперакор нягоднасьці.

Я памятаю сказаныя Алесем словы: „Наша краіна можа пайсьці па шляху дэмакратычных пераўтварэньняў і далучыцца да сям’і цывілізаваных эўрапейскіх народаў, альбо скаціцца ў стан глыбокай галечы й доўгага крызысу”.

Сёньня, напярэдадні 30-х угодкаў увядзеньня ваеннага становішча, калі нам – палякам здавалася, што ўсялякая надзея ўжо страчаная, я гавару з перакананьнем, вынікаючым з досьведу, што зьмена магчымая.

Беларусы праявілі сваю волю год таму на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Польшча, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, безупынна падтрымлівае імкненьне беларускага народу да дэмакратыі.

Я веру, што гераізм Аляксандра Бяляцкага ня будзе дарэмным і ўрэшце ў Беларусь прыйдзе „Вясна”!

Спадрыня Натальля, прыйміце гэтую ўзнагароду ад імя Вашага Мужа.

PAP/Leszek
PAP/Leszek Szymański

PAP/Leszek
PAP/Leszek Szymański

PAP/Leszek
PAP/Leszek Szymański

PAP/Leszek
PAP/Leszek Szymański

PAP/Leszek
PAP/Leszek Szymański

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт