Logo Polskiego Radia
Print

Дыпляматычная мітусьня на мяжы

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 22.02.2012 16:00
Польскія дэпутаты сыстэматычна не ўпускаюцца ў Беларусь.

Учора на польска-беларускай мяжы адбылася дыпляматычная мітусьня. Чарговы раз польскіх дэпутатаў не ўпусьцілі ў Беларусь. Шасьцёра дэпутатаў з камісіі па кантактах з польскай дыяспарай Сэйму накіроўваліся ў Горадню, каб сустрэцца з актывістамі СПБ. На мяжы іх вярнулі без падачы прычыны. Гэтую справу апісвае „Rzeczpospolita”.

Беларускія памежнікі сабралі дыпляматычныя пашпарты ў дэпутатаў, 30 хвілін пратрымалі іх на мяжы, пасьля чаго паставілі ў пашпарты штампы з забаронай на ўезд.

Польскія дэпутаты сыстэматычна не ўпускаюцца ў Беларусь. У ліпені мінулага году ня ўпусьцілі дэпутата Лёнгіна Камалоўскага, які адначасова зьяўляецца старшынём таварыства „Wspólnota Polska”. Ён ехаў у Горадню на сьвяткаваньне ўгодкаў акцыі Арміі Краёвай „Вострая Брама”. Разам зь ім ехаў дэпутат Робэрт Тышкевіч, якога таксама не ўпусьцілі.

У жніўні ў Берларусь ня змог уехаць эўрадэпутат Марэк Мігальскі, які ехаў у Менск на сустрэчу са сваякамі рэпрэсаваных апазыцыянераў.

Не пусьцілі ў Беларусь і старшыню Саюзу беларусаў Польшчы Яўгена Вапу, які не зьяўляецца палітыкам.

Аднак практыка няўпусканьня на тэрыторыю Беларусі не датычыць выключна польскіх грамадзянаў. Нядаўна ў візе адмоўлена прадстаўніку нямецкага ўраду па пытаньнях правоў чалавека Маркусу Лёнінгу.

На думку палітычных аглядальнікаў, беларускі рэжым пачаў чарговы этап вайны з „асабістымі ворагамі” Лукашэнкі, якую вядзе на двух франтах. „Першы беларускі фронт”- гэта барацьба ўнутры краіны з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю. „Другі беларускі фронт” накіраваны на Захад, а Польшча знаходзіцца бліжэй за ўсіх. Больш таго, на думку экпэртаў, Лукашэнцы выгадна трымаць краіну ў „вайсковых умовах”, паколькі найлягчэй можна апраўдаць усе ўнутраныя грамадзкія й эканамічныя праблемы.

кр

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт