Нацменшасьці не давяраюць перапісу
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.02.2012 11:41
Вынікі перапісу насельніцтва не адлюструюць сапраўднай колькасьці прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў – непакояцца лідары нацыянальных меншасьцяў у Польшчы.
Менавіта тэма леташняга перапісу была галоўнай на паседжаньні сумеснай Камісіі ўраду й нацыянальных ды этнічных меншасьцяў, якое прайшло ў Беластоку.
Сумневы выклікае мэтад падліку, які выбяруць чыноўнікі. Перапіс праводзіўся трыма спосабамі: празь Інтэрнэт, шляхам тэлефоннага апытаньня ды зь непасрэдным удзелам перапісчыка. Прадстаўнікі нацменшасьцяў лічаць, што перапіс праводзіўся неахайна.
Вынікі перапісу насельніцтва акажуць уплыў на адміністрацыйныя рашэньні. Між іншым, на іх падставе ў паасобных гмінах будзе ўведзена або не другая гэтак званая дапаможная мова – мова нацыянальнай меншасьці. Акрамя таго, у выпадку, калі ў гміне пражываюць 20% прадстаўнікоў дадзенай нацменшасьці, назвы мясцовасьцяў на дарожных знаках пішуцца на дзьвюх мовах: польскай і мове нацменшасьці.
Колькасьць нацыянальных і этнічных мяньшынь, якія жывуць у Польшчы, стане вядомай 22 сакавіка. Дадзеныя адносна паасобных гмінаў будуць апублікаваныя на пераломе чэрвеня й ліпеня.
яс