Logo Polskiego Radia
Print

Улады Турцыі зноў пачалі чысткі ў паліцыі і ўнівэрсытэтах

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.01.2017 13:25
Працы былі пазбаўленыя чарговыя 6 тысячаў чалавек, зачыненыя некалькі дзесяткаў няўрадавых арганізацыяў.
Photo: AMISOM Public Information/flickr.com/Commercial use allowed

Турэцкія ўлады зноў пачалі масавыя звальненьні дзяржаўных функцыянэраў у адказ на наўдалую спробу дзяржаўнага перавароту, якая адбылася 15 ліпеня. Чарговыя 6 тысячаў чалавек былі пазбаўленыя працы, а некалькі дзесяткаў недзяржаўных арганізацыяў былі закрытыя. Гэта вынікае з трох дэкрэтаў, якія ўначы з пятніцы на суботу апублікаваў турэцкі ўрад.

Турэцкія ўлады звольнілі 2,6 тыс. паліцыянтаў, 1,6 тыс. супрацоўнікаў міністэрства юстыцыі, 838 супрацоўнікаў міністэрства аховы здароўя, 631 унівэрсытэцкага супрацоўніка і 8 сябраў Дзяржаўнай рады – найвышэйшага адміністрацыйнага суду краіны.

За «дзейнасьць, якая пагражае бясьпецы дзяржавы», былі зачыненыя 80 няўрадавых арганізацыяў. Новыя дэкрэты турэцкіх уладаў загадваюць грамадзянам, якія пакінулі Турцыю, на працягу трох месяцаў вярнуцца на радзіму. У адваротным выпадку яны будуць пазбаўленыя грамадзянства.

Пасьля спробы дзяржаўнага перавароту, у якой турэцкія ўлады абвінавачваюць прапаведніка Фэтулаха Гюлена, турэцкія ўлады арыштавалі 41 тысячу чалавек, а 100 тысячаў звольнілі з працы. Эўразьвяз востра крытыкуе дзеяньні Анкары, асабліва арышты журналістаў, звальненьні судзьдзяў і пагрозы вярнуць сьмяротнае пакараньне.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт