Logo Polskiego Radia
Print

Усходняе партнэрства запатрабавала ад Менска неадкладна адмовіцца ад рэпрэсій

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 24.03.2017 09:17
Дакумэнт накіраваны на імя Аляксандра Лукашэнкі, Дональда Туска, Жан-Клода Юнкера, Фэдэрыка Магерыні...

Камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства выступіў з Заявай у сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненьні да актывістаў і журналістаў у Беларусі, з прычыны дэманстрацый, заплянаваных на 25 сакавіка 2017 года.

«Нягледзячы на палажэньні Канстытуцыі адносна свабоды слова і сходаў, у многіх гарадах Беларусі практычна штодня маюць месца масавыя адвольныя затрыманьні з ужываньнем гвалту ў дачыненьні да пратэстуючых грамадзян, грамадзкіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, а таксама журналістаў, якія асьвятляюць грамадзка значныя падзеі. На сёньняшні дзень ужо больш за 260 чалавек аштрафаваныя альбо адміністрацыйны арышт», – адзначаецца ў дакумэнце накіраваным у тым ліку на імя Аляксандра Лукашэнкі, Дональда Туска, Жан-Клода Юнкера, Фэдэрыка Магерыні...

Камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства (ФГС УП) далучаецца да патрабаваньняў да ўладаў Беларусі, і патрабуе:

»Неадкладна адмовіцца ад практыкі рэпрэсіўных мер, у дачыненьні да грамадзян, якія мірна выказваюць свой пратэст (...) Выявіць адказных за парушэньні канстытуцыйных правоў грамадзян і прыцягнуць іх да адказнасьці (..) Спыніць затрыманьні і іншыя меры, накіраваныя на перашкоду ў прафэсійнай дзейнасьці журналістам і незалежным СМІ (...) У самыя кароткія тэрміны вызваліць усіх арыштаваных і затрыманых з нагоды мірных выступаў у сувязі з Дэкрэтам № 3.«

Таксама ў Заяве выказаны заклік да афіцыйнага Менска праявіць памяркоўнасьць, устрымацца ад прымяненьня гвалту й рэпрэсіўных мер у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных дэманстрацый 25 Сакавіка.

У частцы дакумэнта, зьвернутага да эўрапейскіх інстытутаў, камітэт ФГС УП заклікаў:

»Зьвярнуць пільную ўвагу на сытуацыю з парушэньнямі правоў і свабод грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, выразна выказаць сваё стаўленьне да дзеяньняў беларускіх уладаў ды выступіць у якасьці мадэратараў, садзейнічаючы дыялёгу паміж беларускімі ўладамі й грамадзянскай супольнасьцю».

naviny.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт