Logo Polskiego Radia
Print

Чачня: Мурад Амрыеў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.06.2017 11:17
Тым часам сваю заклапочанасьць з нагоды бясьпекі Мурада Амрыева выказалі ЗША.
Photo: jhusemannde/pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Чэмпіён сьвету па зьмешаных адзінаборствах, грамадзянін Расеі, ураджэнец Чачні Мурад Амрыеў, дастаўлены зь Беларусі ў Грозны быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

Тым часам сваю заклапочанасьць з нагоды бясьпекі Мурада Амрыева выказалі ЗША.

„Мы вельмі непакоімся за бясьпеку й дабрабыт Мурада Амрыева, расейскага спартсмэна з Чачні, які, як паведамляецца, быў затрыманы беларускімі ўладамі й дастаўлены ў Расею, дзе ён можа апынуцца пад вартай”, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнта ЗША. „Амрыеў, як адзначалася, выказваў боязі ў сувязі з магчымымі катаваньнямі й парушэньнямі правоў у Чачні”, — адзначаецца ў дакумэнце.

Дзярждэпартамэнт лічыць, што РФ неабходна „забясьпечыць Амрыеву доступ да адваката, гарантаваць павагу яго правоў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законамі Расеі”, а таксама міжнароднымі прававымі нормамі.

Расейскі спартсмэн апошнім часам жыў у Кіеве, выступаючы на міжнародных спаборніцтвах пад украінскім сьцягам. 4 чэрвеня ён адправіўся ў Маскву па новую візу, але на мяжы Расеі і Ўкраіны быў затрыманы. Аказалася, што Амрыеў знаходзіцца ў фэдэральным вышуку за выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў. Аднак паводле даных расейскай грамадзкай арганізацыі „Камітэт па прадухіленьні катаваньняў”, нагодай для гэтага стала памылка друку ў яго пашпарце.

4 чэрвеня спартсмэн быў зьняты зь цягніка й затрыманы паліцэйскімі ў Бранскай вобласьці. У Бранск нібыта прыбыла група захопу з Чачні, якая павінна была этапаваць Амрыева ў гэту рэспубліку. Аднак спартсмэну ўдалося зьбегчы.

7 чэрвеня Амрыеў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў пункце пропуску „Весялоўка” пры спробе выезду на аўтамабілі „Таёта” зь Беларусі ва Ўкраіну, пасьля чаго перададзены супрацоўнікам Добрушскага РАУС.

Увечары 8 чэрвеня Амрыева перадалі расейскаму боку. Абставіны перадачы ва УУС Гомельскага аблвыканкама не камэнтуюць.

Паводле зьвестак расейскай „Новай газеты”, у 2013 годзе Амрыеў расказаў праваабаронцам пра катаваньні, якія ён зьведаў у адным з аддзяленьняў МУС Грознага. Паводле слоў спартсмэна, такім чынам паліцэйскія спрабавалі прымусіць яго старэйшага брата вярнуцца зь Нямеччыны ў Чачню.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт