Logo Polskiego Radia
Print

Трамп пагражае Вэнэсуэле вайсковай інтэрвэнцыяй

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.08.2017 12:21
Дзяржаўны дэпартамэнт, аднак, заяўляе, што інтэрвэнцыі не плянуецца.
Прэзыдэнт ЗША Дональд ТрампПрэзыдэнт ЗША Дональд Трампpixabay.com/Public Domain CC0

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў адрэагаваць на цяжкі палітычны крызыс у Вэнэсуэле неакрэсьленым «вайсковым спосабам». Улады ў Каракасе назвалі выказваньне Трампа «шаленствам». Прэзыдэнт ЗША адхіліў прапанову кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры правесьці тэлефонную размову.

Людзі ў Венэсуэле пакутуюць і паміраюць – заявіў Дональд Трамп падчас паездкі ў штат Нью Джэрсі. «Мы маем шмат магчымых варыянтаў у стасунку да Вэнэсуэлы, у тым ліку й вайсковы, калі ён будзе неабходны […]. Мы ня будзем падаваць падрабязнасьцяў, але вайсковая апэрацыя, вайсковы варыянт, без сумневу, разглядаецца».

Прэс-сакратар Дэпартамэнту абароны ЗША заявіў, што амэрыканскія ўзброеныя сілы гатовыя абараняць інтарэсы Злучаных Штатаў, але заявы пра тое, што Амэрыка плянуе вайсковую інтэрвэнцыю ў Вэнэсуэле «зьяўляюцца беспадстаўнымі».

Палітычная і эканамічная сытуацыя ў Вэнэсуэле пагаршаецца. Нядаўна там прайшлі выбары ў Канстытуцыйную асамблею, якія, на думку апазыцыі, былі сфальсыфікаваныя. Новы дзяржаўны ворган, створаны па ініцыятыве прэзыдэнта Нікаляса Мадуры, паставіў сябе вышэй за парлямэнт, у якім пераважаюць апазыцыйныя сілы. Некалькі месяцаў на вуліцах венэсуэльскіх гарадоў адбываюцца сутыкненьні маніфэстантаў з паліцыяй, у якіх загінулі дзесяткі чалавек.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт