Logo Polskiego Radia
Print

У Чачні трапляюць у турму за сэксуальную арыентацыю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.08.2017 12:14
У турмы для геяў трапляюць прадстаўнікі розных асяродзьдзяў – студэнты, бізнэсоўцы, нават тэлевядучы.
www.pixabay.com/CC0

Выданьне «Polityka» друкуе інтэрвію з журналісткай расейскай «Независимой газеты» Аленай Касьцючэнкай пра сытуацыю гомасэксуалістаў у Чачні. У гэтай расейскай рэспубліцы дзейнічае права шарыяту, паводле якога гомасэксуалізм зьяўляецца злачынствам супраць мусульманскай рэлігіі.

Яшчэ некалькі тыдняў таму геяў перасьледавала паліцыя, яны траплялі ў спэцыяльныя турмы для асоб з гэтай сэксуальнай арыентацыяй, дзе былі катаваныя, напрыклад, праходзілі праз калідор – гэта значыць, іх праганялі праз шэраг супрацоўнікаў з дубінкамі або плястыкавымі трубкамі, якія б’юць вязьняў. Але, як кажуць асобы, якія пабывалі ў чачэнскіх турмах для геяў, горшае нават не фізычнае катаваньне, а псыхічныя зьдзекі. Цяпер, праўда, затрыманьні часова спыненыя, паколькі чачэнскія ўлады перапужаліся, што вочы ўсяго сьвету накіраваныя на іх. Але той, хто быў затрыманы раней, далей знаходзіцца ў турме.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў гэтых турмах вядома няшмат, паколькі гэта закрытыя месцы. Арыштаваныя сядзяць у камэрах нават па 20 чалавек, часта трапляюць у ізалятар, іх мораць голадам, нават не даюць вады. Некаторыя кажуць, што маглі піць толькі тады, калі хацелі памаліцца. Іслам патрабуе, каб перад малітвай абмыць твар і рукі, і вязьні маглі пры нагодзе выпіць некалькі глыткоў вады.

У турмы для геяў трапляюць прадстаўнікі самых розных асяродзьдзяў – студэнты, бізнэсоўцы, быў нават тэлевізійны вядучы. Часам здараецца, што іх выдаюць сваякі з іх уласнай сям’і, паколькі мець сярод родзічаў гея – гэта вялікая ганьба. Жанчына з такой сям’і ня зможа выйсьці замуж, цяжка знайсьці працу. Назіраецца калектыўная адказнасьць за гомасэксуалістаў. Таму нярэдка назіраецца сытуацыя, калі сям’я згаджаецца, каб сына або брата забралі ў турму.

Быць геем у Расеі – гэта агулам незайздросны лёс, але ў Чачні, дзе ўладарыць дыктатар і самадур Кадыраў, ім зусім кепска. Алена Касьцючэнка кажа, што мала хто на сьвеце актыўна цікавіцца сытуацыяй вязьняў такіх турмаў. Расчароўвае пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу, толькі Летува выдала некалькі візаў для асоб, якія ўцяклі з Чачні з-за перасьледу па прычыне сэксуальнай арыентацыі.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт