Logo Polskiego Radia
Print

Немцы скардзяцца на дзяржорганы, якія наглядаюць за выхаваньнем дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.01.2018 14:17
Найгорш, калі органы адбіраюць дзіця ў бацькоў, да высьвятленьня справы.
pixabay.com/Public Domain CC0

У польскай прэсе часам паяўляецца інфармацыі пра палякаў, якія пражываюць або пражывалі ў Нямеччыне, і там дзяржаўныя органы адабралі ў іх дзіця або дзяцей. «Dziennik Gazeta Prawna» апісвае дзейнасьць ведамстваў па пытаньнях дзяцей і моладзі, так званых югендамтаў у Нямеччыне. Тут няма гаворкі пра справы палякаў, а пра тое, як гэтыя органы адбіраюць дзяцей у немцаў. Немцы таксама нэгатыўна ставяцца да югендамтаў, як і палякі.

У Нямеччыне працуе 600 ведамстваў па пытаньнях моладзі, у якіх працаўладкавана 46 тыс. чалавек. У сродках масавай інфармацыі вельмі шмат артыкулаў пра бяздушнасьць чыноўнікаў, якія перавышаюць свае паўнамоцтвы. На інтэрнэт-форумах людзі дзеляцца досьведам, якім чынам абараніцца ад умяшаньня ў прыватнае жыцьцё дзяржорганаў. У апытаньні, праведзеным адным з парталаў, дзьве трэція з 3,7 тыс. галасуючых напісала, што югендамт нанёс ім або іх дзецям значную шкоду. Найгорш, калі органы адбіраюць, як правіла на пэрыяд тыдня-двух, дзіця ў бацькоў, да высьвятленьня справы. За год здараецца нават звыш 80 тыс. такіх выпадкаў. Апошнім часам іх колькасьць рэзка вырасла, пераважна з-за таго, што сярод імігрантаў ёсьць шмат непаўналетніх.

СМІ пішуць таксама, што выдаткі на адно дзіця ў месцах апекі складаюць ад 25 да 36 тыс. эўра ў год. «Прадстаўнікі арганізацый, якія вядуць цэнтры для дзяцей, засядаюць у мясцовых камісіях, якія займаюцца сацыяльнай апекай над непаўналетнімі. Гэта азначае, што яны ўдзельнічаюць у працэсе прыняцьця рашэньняў, на падставе якіх могуць атрымліваць кантракты на апеку. Гэта канфлікт інтарэсаў», – кажа экспэрт Інстытуту нямецкай эканомікі Мары Мёлер, якая падрыхтавала даклад пра кошты інстытуцыянальнай апекі над дзецьмі ў Нямеччыне.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт