Logo Polskiego Radia
Print

Крэмль кажа, што не адмаўляўся памілаваць Сянцова

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 16.08.2018 09:00
Прэс-сакратар Пуціна сьцьвярджае, што ўкраінскі рэжысэр павінен сам падаць прашэньне аб памілаваньні прэзыдэнту РФ.
Алег СянцоўАлег СянцоўФота: Svaboda.org

У Крамлі лічаць, што гаварыць аб адмове памілаваць Алега Сянцова некарэктна, бо сам украінскі рэжысэр такога прашэньня не падаваў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, спаслаўшыся на расейскае заканадаўства.

Напярэдадні ўкраінскі тэлеканал «Громадське» паведаміў, што маці Сянцова атрымала з упраўленьня па забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзян пры адміністрацыі прэзыдэнта Расеі адказ на сваю просьбу памілаваць сына. Там адзначылі, што «працэдура памілаваньня пачынаецца з асабістага хадайніцтва асуджанага аб памілаваньні, які зьвяртаецца да прэзыдэнта РФ у пісьмовай форме праз адміністрацыю папраўчай установы, дзе ён адбывае пакараньне».

Адвакат Мікалай Полазаў заявіў, што «ў Крамлі зноў хлусяць аб памілаваньні Сянцова». Паводле яго слоў, ніводзін зь яго падабаронных грамадзян Украіны, вызваленых пасьля ўказа аб памілаваньні, не пісаў прашэньняў Пуціну. Усіх вызвалілі пасьля прыняцьця палітычнага рашэньня па кожнаму.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Сваю віну ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку. Праваабаронца Зоя Сьветава, якая наведала яго ў калёніі, расказала, што Сянцоў ацэньвае свой стан як «перадкрытычны».

Svaboda.org/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт