Logo Polskiego Radia
Print

АІ: Беларусь пастаўляе зброю ў Судан

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 09.02.2012 17:02
Гэтыя пастаўкі ахопліваюць верталёты, штурмавыя самалёты, ракеты тыпу „паветра-зямля” й бронетранспартэры.

Пастаўкі зброі зь Беларусі, Расеі й Кітая падштурхоўваюць да парушэньня правоў чалавека ў Дарфуры, паведамляе міжнародная праваабарончая арганізацыя „Amnesty International”. Гэтыя пастаўкі сьведчаць аб неабходнасьці хуткага ўзмацненьня эмбарга, уведзенага ААН, якое ня дзейнічае ў поўнай меры, а таксама ў неабходнасьці прыняцьця адпаведнага трактату аб гандлі зброяй. Пастаўкі зброі ў Судан не зьяўляюцца нелегальнымі. Але пры гэтым, паводле ўмоваў эмбарга ААН, патрабуюцца гарантыі ад суданскіх уладаў, што зброя ня будзе выкарыстаная ў Дарфуры.

З рапарту пад назвай „Судан: безупынныя канфлікты ў Дарфуры” вынікае, што Кітай, Расея й Беларусь надалей пастаўляюць у Судан зброю й амуніцыю, нягледзячы на тое, што яна выкарыстоўваецца супраць цывільнага насельніцтва ў Дарфуры. Гэтыя пастаўкі ахопліваюць верталёты, штурмавыя самалёты, ракеты тыпу „паветра-зямля” й бронетранспартэры.

У прыватнасьці АІ задакумэнтавала выкарыстаньне БТР-80, набытых ад Беларусі й Расейскай Фэрэдацыі, а таксама ракетных установак, выкарыстаных падчас апэрацыяў у паўночным Дарфуры ў першай палове 2011 году. Канфлікт у Дарфуры разгарэўся ў 2003 годзе. Паводле дадзеных ААН, за гэты час загінулі больш за 300 тысяч чалавек.

кр/ amnesty.org.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт