Піва для сэксуальных меншасьцяў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.02.2012 16:50
Мэксыканская браварня “Мінэрва” заваёўвае сьвет.
Яшчэ ў пачатку мінулага году маленькая мэксыканская браварня “Мінэрва” мела ўсяго пяціадсоткавую долю на рынку ў сваёй краіне.
Але сытуацыя зьмянілася, калі зь 2011 году тут пачалі выпускаць піва адмыслова для прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. А канкрэтна – маркі Purple Hand (у перакладзе на беларускую “фіялетавая рука”) і Salamandra.
З спэцыяльных трывалых матэрыялаў вырашылі рабіць і этыкеткі для бутэлек, каб іх можна было лёгка адляпіць і потым выкарстоўваць у якасьці атрыбутыкі, якая б паказвала на прыналежнасьць да сэксуальных меншасьцяў.
Для прыгатаваньня піва прыдумалі выкарыстоўваць натуральны мёд, солад і цытрусавыя канцэнтраты.
У якасьці экспэрымэнту два гатункі піва пачалі прадаваць у Мэхіка, Гвадалахары і ў некалькіх мэксыканскіх курортах.
Мінуў год, і камэрцыйны дырэктар браварні “Мінэрва” Дарыё Радрыгез Вілер паведаміў пра тое, што цяпер адмысловае “піва для геяў” пастаўляецца ў ЗША, Японію, Чылі , Эквадор, Аргентыну й Калюмбію.
Дзякуючы нетрадыцыйнаму рэклямнаму прыёму істотна павялічылася доля й на мэксыканскім рынку.
Аляксандар Парошын, Алахуэла