Logo Polskiego Radia
Print

Візыт Пуціна: раздача пернікаў ці “прымушэньне да інтэграцыі”?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.05.2012 16:43
  • Візыт Пуціна раздача пернікаў ці “прымушэньне да інтэграцыі”.mp3
Палітолягі: Двухдзённыя перамовы Пуціна з Лукашэнкам будуць далёкімі ад ідылічных.
Фота: charter97.orgФота: charter97.org

Фота:
Фота: charter97.org

З 31 траўня па 1 чэрвеня Менск наведае прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Гэта першы замежны візыт новаабранага расейскага кіраўніка. Чым абумоўленая такая зацікаўленасьць Пуціна да Беларусі? Якімі будуць стасункі паміж Беларусьсю й Расеяй пры старым-новым расейскім прэзыдэнце? На гэтыя пытаньні нам адказваюць беларускія й расейскія палітолягі.

Уладзімер Пуцін спэцыяльна выбраў Менск напрамкам сваёй першай паездкі. Тыдзень таму ён адмовіўся ехаць на саміт NATO ў Чыкага, ня ўдзельнічаў у саміце “Вялікай васьмёркі”. Наведваючы Лукашэнку, Уладзімер Пуцін у пэўным сэнсе помсьціць Захаду – лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Пуцін лічыць, што гэта амэрыканцы ў пэўнай ступені справакавалі вулічныя пратэсты ў Расеі й цяпер “помсьціць” ім. Тау ён не паехаў на саміт NATO. Цяпер Пуцін падкрэсьлівае, што найважнейшыя для яго справы – у яго “блізкім замежжы”, у зоне непасрэдных інтарэсаў Расеі.

Робячы свой першы візыт у Менск, Уладзімер Пуцін, несумненна, аказвае вялікую падтрымку ізаляванаму на міжнароднай арэне Аляксандру Лукашэнку ды дыстансуецца ад Эўропы й ЗША. І гэта выклікае трывогу – кажа дацэнт МГИМО палітоляг Кірыл Коктыш.

К. Коктыш: З аднаго боку Пуцін падкрэсьлівае ролю эўразійскай інтэграцыі, але з другога – разам з Аляксандрам Лукашэнкам бярэ на сябе адказнасьць за шмат якія дзеяньні. У самой Расеі гэты візіт можа быць адчытаны як магчымасьць “беларусізацыі” расейскага грамадзка-палітычнага жыцьця. Ён можа сьведчыць, што Расея будзе пераймаць тым ці іншым чынам беларускі “досьвед”.

Уладзімер Пуцін хоча падкрэсьліць, што прыярытэтам для яго будзе эўразійская інтэграцыя. Аднак чаму ў такім выпадку ён не паехаў да самага актыўнага саюзьніка па Мытным зьвязе – Нурсултана Назарбаева? Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў перакананы, што Пуцін едзе да Лукашэнкі таму, што ён – самы праблемны саюзьнік. І праблемы на шляху стварэньня Эўразійскага зьвязу Пуцін намераны вырашыць. Такой думкі прытрымліваецца таксама беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Я ўпэўнены, што менавіта гэтым і зоймецца Пуцін. Гэта не дэманстрацыйны візыт. Два дні на дэманстрацыю – гэта занадта. І я на згодны з тымі, хто кажа, што Пуцін завітаў у Менск выключна па дарозе ў Бэрлін і Парыж. Пры сёньняшніх сродках транспарту ня цяжка было б зьлятаць у Астану і ўжо адтуль ляцець у Эўропу.

Як паведаміў Польскаму радыё расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, Пуцін намераны абмеркаваць з Лукашэнкам больш за 20 пытаньняў. Сярод іх – удзел Беларусі ў расейскім адказе на супрацьракетны шчыт ЗША, нядаўнія гандлёвыя канфлікты, крэдыт ЭўрАзЭС, а таксама выкананьне Менскам дамоваў па стварэньні Эўразійскага зьвязу. Нягледзячы на бадзёрую рыторыку , беларускія чыноўнікі чакаюць візыту Пуціна з трывогай, мяркуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Яны, напэўна, таксама маюць моцныя дрыжыкі ў каленях. Кіраўнікі Беларусі думаюць, як не патрапіць пад моцны прэсінг зь небясьпечнымі наступствамі. Нечым давядзецца ахвяраваць. Пуцін, напрыклад, можа паставіць пытаньне пра незаконны экспарт паліва, якое Менск прадае за мяжу пад відам разбаўляльнікаў і ня плоціць за гэта мыты ў расейскі бюджэт. Акрамя гэтага ёсьць шмат пунктаў, па якіх Пуцін будзе “прэсінгаваць” беларускае кіраўніцтва.

У апошні час Расея спыніла эканамічны націск на Менск, а таксама інфармацыйную вайну супраць Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь атрымлівае танную нафту й газ. Расея зачыняе вочы на падазроны экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі. Аляксандар Лукашэнка больш упэўнена адчувае сябе ў стасунках з Эўропай і заяўляе, што не зьбіраецца выпускаць палітвязьняў.

Аднак Масква зусім не адмовілася ад плянаў збудаваць Эўразійскі зьвяз – лічыць палітоляг Кірыл Коктыш. Праз 2,5 гады ініцыятыва Пуціна павінная пачаць працаваць, таму Крэмль будзе патрабаваць ад Менску адчыніць беларускі рынак для расейскіх тавараў, правесьці прыватызацыю й зьменшыць субсыдыі беларускім прадпрыемствам. Сёньняшняе зацішша – часовае, падтрымлівае яго думку Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: З аднаго боку, Пуцін разумее, што Беларусі трэба даваць невялікія дозы падтрымкі, каб паступова ўцягваць у пастку эўразійскай інтэграцыі. Тым больш, што цяпер ідзе барацьба за Ўкраіну, украінцаў трэба прывабліваць: маўляў, Беларусь слухаецца, за гэта атрымлівае “падкормку”. Пакуль што гэтыя чыньнікі дзейнічаюць, але гэтыя чыньнікі часовыя.

Пасьля падпісаньня дамоваў аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага зьвязу ў лістападзе 2011 году Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што гандлёвыя войны паміж Расеяй і Беларусьсю больш не паўторацца. Аднак у гэтым годзе іх было ўжо дзьве – гэта спор паміж расейскімі авіякампаніямі й беларускім манапалістам “Белавія”, а таксама канфлікт вакол імпарту ў Расею цюбікаў беларускай вытворчасьці. Цяпер жа назрае чарговы “малочны” канфлікт.

Расея будзе прасоўваць ідэю Эўразійскага зьвязу, патрабаваць ад Менска адчыніць рынак, гандлёвыя войны будуць паўтарацца, лічыць Аляксандар Класкоўскі. Аднак няма ліха без дабра, кажа палітоляг. Магчыма, у такой сытуацыі Лукашэнка зноў павернецца да Эўропы, суцішыць перасьлед іншадумцаў і выпусьціць палітвязьняў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт