Logo Polskiego Radia
Print

Польскі шпіён выпусьціў кнігу пра Беларусь

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 16.08.2012 13:22
  • Нелегалы.mp3
Аўтар піша пра беларускае КДБ, ФСБ і...швэда-шпіёна зь вёскі ... Мядведкі.

/

Афіцэр польскай разьведкі пад псэўднімам Вінсэнт В. Северскі (Vincent V. Severski) напісаў шпіёнскую аповесьць падзеі ў якой разгортваюцца ў лукашэнкаўскай Беларусі й .... сюрпрыз ... у Швэцыі.

“Нелегалы” („Nielegalni”) - гэта сэнсацыйная аповесьць пра таямніцы працы шпіёнаў-нелегалаў. Сюжэт кнігі разгортваецца ў Беларусі, Швэцыі й Польшчы. Аўтар раскрывае мэтады працы міжнародных шпіёнскіх спэцслужбаў. Кніга выйшла ў мінулым годзе й стала гітом па продажы. Плянуецца яе выданьне па-расейску.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы атрымоўвае інфармацыю пра таямнічую скрыню закапаную ў 1940-ыя гады ў руінах Берасьцейскай крэпасьці. У ёй схаваныя сэнсацыйныя даваенныя архівы НКВД пра дзейнасьць савецкай разьведкі і яе шпіёнаў у міжваеннай Польшчы. За скрыняй пачынаюць паляваць Варшава й Масква. Ас польскай разьведкі Конрад Вольскі й яго найлепшыя агенты вырушваюць у гонку за гістарычным скарбам. У дадатак швэдзкая разьведка просіць палякаў дапамагчы ў назіраньні за 80-гадовым Хансам Ёргенсам – датчанінам са швэдзкім пашпартам, які аказваецца супершпіёнам расейскіх спэцслужбаў і да таго ж беларусам з-пад Гародні. Ёргенс большасьць жыцьця жыве ў Скандынавіі й палае лютай нянавісью да палякаў за забойства ў часе вайны яго сям’і й жыхароўяго роднай вёскі Мядведкі. Яго гісторыя цесна зьвязаная з акалічнасьцямі архіву НКВД.

Пачынаецца гонка з часам. Польскія й расейскія агенты едуць у Беларусь. Там не абыходзіцца без лукашэнкаўскага КДБ. Аднак вобраз беларускіх спэцслужбаў у кнізе Северскага наўрадці спадабаўся б менскім чэкістам. Камітэт дзяржбясьпекі паказаны наскрозь скарумпаванай структурай, павязанай зь бізнэсам і кантрабандыстамі, а самі чэкісты - аматары чаркі й расейскія агенты. Але нават капітан Васіль Крупа, які зьлівае інфу масквічам, марыць пра Беларусь без Лукашэнкі й лічыць сябе беларускім патрыётам.

Усе гэтыя, на першы погляд, розныя гісторыі й людзі злучаюцца ў займальны сюжэт кнігі, якая налічвае больш за 800 старонак.

“Супадзеньне апісаных у кнізе падзей з сапраўднымі выпадковае, але не заўсёды” – піша на пачатку кнігі Вінсэнт Северскі. Аўтар працаваў у спэцслужбах 27 гадоў. За гэты час ён удзельнічаў у 140 місіях у амаль 50-ці краінах пад выдуманым імем. Займаў адну з галоўных пасад Агенцтва выведкі і ў 2007 годзе звольніўся з працы. Яго неаднаразова ўзнагароджвалі вышэйшыя ўлады Польшчы. Барак Абама ўзнагародзіў яго нядаўна ордэнам “Легіёну пашаны”.

Інтэрвію зь Вінсэнтам Северскім зьявіцца на Польскім радыё ў бліжэйшыя дні.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт