Logo Polskiego Radia
Print

Palitviazni.infо на польскай мове

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.08.2012 17:53
  • Palitviazni.infо на польскай мове.mp3
Сайт palitviazni.infо пашырае сваю дзейнасьць. Дадаліся новыя моўныя вэрсіі парталу – польская, ангельская й расейская.

/



Palitviazni.infо – гэта старонка, прысьвечаная палітвязьням. Ідэя стварэньня парталу нарадзілася ў наваполацкай і магілёўскай філіях Праваабарончага цэнтру „Вясна”. Потым да праекту далучыліся юрысты й журналісты як зь Менску, так і іншых гарадоў. Цяпер партал сустварае польская арганізацыя – Фонд Разьвіцьця дэмакратычных ініцыятываў з гораду Катавіцэ.

На старонцы можна знайсьці падрабязную інфармацыю на тэму больш за 170 палітвязьняў Беларусі. Як кажа Зьміцер Салаўёў зь «Вясны», на партале зьмешчана інфармацыя пра ўсіх людзей, якія сутыкнуліся з крымінальным перасьледам і неабавязкова сядзелі ў вязьніцы. На думку праваабаронцы, нельга спыняцца ў інфармаваньні пра палітвязьняў у Беларусі, паколькі іх сытуацыя застаецца цяжкой.

З. Салаўёў: Сытуацыя палітвязьняў складаная. Пра гэта можна прачытаць на сайце „Вясны”, як і на нашым новаствораным сайце palitviazni.info. Сайт створаны для рэтрансьляцыі ўсіх тых падзей, якія адбываюцца з палітвязьнямі, пра рэакцыю міжнароднай супольнасьці, пра дзейнасьць праваабарончых арганізацый, якія прымаюць заявы й робяць усё, каб палепшыць сытуацыю вязьняў. Сайт ацэнак і высноваў ня робіць, ён толькі перадае інфармацыю. Мы робім інтэрвію з былымі палітвязьнямі. Мы размаўлялі зь Юры Хадыкам, які як першы пачаў галадоўку ў вязьніцы, зрабілі відэаінтэрвію з маці Лобава. Такім чынам мы спрабуем ладзіць зваротную сувязь, каб прозьвішчы тых, хто сядзіць, і былых палітвязьняў пакідалі сваё меркаваньне, і каб яно даходзіла да міжнароднай супольнасьці.

Пачаткова старонку palitviazni.infо стваралі выключна беларускія праваабаронцы. Цяпер да іх далучыўся польскі Фонд Разьвіцьця дэмакратычных ініцыятываў. Пры яго дапамозе зьявіліся розныя моўныя вэрсіі сайту. Расказвае каардынатарка з польскага боку Аляксандра Бушкевіч.

А. Бушкевіч: «Вясна» яшчэ раней стварыла сайт пра палітвязьняў на беларускай мове. Наш фонд пачаў працу й мы падумалі, што добра было б нешта зрабіць менавіта ў гэтым накірунку. Мы падумалі, што варта перакласьці гэты партал на чарговыя мовы. Цяпер гэта тры вэрсіі – польская, расейская й ангельская. Дзякуючы гэтаму мы хочам трапіць да больш шырокага кола адрасатаў, каб паказаць ім сапраўдную сытуацыю ў Беларусі.

Аляксандра Бушкевіч расказвае, што перад тым, як пачаць гэты праект, яны правяралі вынікі разнастайных дасьледаваньняў і апытаньняў, і аказалася, што палякі ведаюць пра Лукашэнку, але не пра палітвязьняў.

А. Бушкевіч: Большасьць ня ведала, як насамрэч выглядае сытуацыя. Паколькі Беларусь знаходзіцца так блізка, мы маем абавязак дапамагчы, бо калісьці дапамагалі й нам. Таму мы вырашылі, што пачаць трэба ад інфармаваньня грамадзтва аб сытуацыі ў Беларусі. А калі большая колькасьць людзей даведаецца пра падзеі ў Беларусі, то можна будзе прадпрыняць крокі, якія будуць мець форму канкрэтнай дапамогі.

Прэзэнтацыя новай шматмоўнай вэрсіі парталу адбылася сёньня ў Беларускім доме ў Варшаве.

А. Бушкевіч: Найперш мы хочам паказаць, што такі партал існуе. Мы рэклямуем старонку ў сацыяльных сетках. Ёсьць цікавы профіль на Фэйсбуку, дзе мы разьмяшчаем усю бягучую інфармацыю. Мы запрашаем падпісацца на нашую рассылку. У плянах таксама кінапаказы, дыскусіі, сэмінары, пра якія мы таксама будзем інфармаваць на Фэйсбуку й на нашай старонцы.

Стваральнікі сайту адзначаюць, што з 1996 году наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі стала звычайным фактам. На старонцы знаходзіцца інфармацыя як пра саміх асобаў, якія былі палітвязьнямі ў розныя часы, так і акалічнасьці іх крымінальных справаў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт