Logo Polskiego Radia
Print

У польскай школе ня будзе расейскіх кляс

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.08.2012 17:18
У Горадні ўлады плянавалі перанесьці ў польскую школу расейскамоўныя клясы.

/

У Беларусі засталіся толькі дзве школы, у якіх навучаньне адбываецца на польскай мове. Адна з іх знаходзіцца ў Горадні. Перад новым навучальным годам адзьдзел адукацыі выканкаму плянаваў перанесьці ў гэтую школу дзьве расейскамоўныя клясы з іншай школы, супраць чаго выступілі бацькі школьнікаў, паколькі баяліся, што гэты інцыдэнт стане пачаткам русыфікацыі ўстановы. І выйгралі.

Як стала вядома нашаму радыё, у польскай школе ў Горадні ня будзе расейскамоўных клясаў. На шчасьце, былі знойдзеныя іншыя варыянты разьмяшчэньня клясаў з расейскай мовай навучаньня, - паведаміў прадстаўнік адзьдзелу адукацыі Сяргей Ламека. Перад гэтым улады хацелі перанесьці некалькі клясаў з расейскай мовай навучаньня з іншай школы. Маўляў, напаўняльнасьць у польскай школе малая, можна дадаць яшчэ дзьве клясы, - гаворыць выконваючая абавязкі старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва.

А. Арэхва: Улады гэта камэнтавалі такім чынам, што ў бліжэйшай школе вялікая колькасьць дзяцей, ім надта мала месца. А напаўняльнасьць у польскай школе малая, таму ёсьць месца для гэтых двую расейскамоўных клясаў.

У мінулым годзе ў польскаймоўнай школе вучылася звыш 500 дзяцей – паведаміла нам старшыня Саюзу палякаў. У гэтым жа годзе знайшлося больш жадаючых вучыцца на польскай мове, чым у папярэдніх гадах. Удалося набраць чатыры першыя клясы, а раней плянавалася адкрыць толькі тры адзьдзелы. Магчыма, гэта стала адным з аргумэнтаў, каб не пераносіць расейскамоўныя клясы ў польскую школу. Але, па словах Анжалікі Арэхвы, важныя былі перш за ўсё крокі, якія прадпрынялі бацькі дзяцей і мясцовыя палякі, каб абараніць школу ад магчымай паступовай русыфікацыі.

А. Арэхва: Дзеяньні прадпрымалі й бацькі дзяцей, што вывучаюць польскую мову, вучацца ў гэтай школе, і Саюз палякаў ладзіў акцыі пратэсту. Можа ўсё гэта прымусіла ўлады зьмяніць сваё рашэньне. Бацькі зьбіралі подпісы, высылалі ў Міністэрства адукацыі. Саюз палякаў напісаў таксама афіцыйны ліст да міністра адукацыі, зьбіралі таксама подпісы да Луцкашэнкі, а 1 чэрвеня наладзілі пратэст пад аблвыканкамам у абарону польскай школы.

Што цікава, у польскую школу ня толькі палякі па паходжаньні запісваюць сваіх дзяцей. Ёсьць там таксама й школьнікі іншых нацыянальнасьцяў. Дарэчы, нават не ва ўсіх польскіх сем’ях дома размаўляюць па-польску, таму вучні пачынаюць пазнаваць мову з самага пачатку.

А. Арэхва: У гэтую школу ходзяць ня толькі польскія дзеці, таксама іншых нацыянальнасьцяў. Ня ўсе дзеці нават з польскіх сем’яў умеюць размаўляць па-польску. У Горадні ёсьць толькі адна польская група ў садку, ёсьць некалькі кружкоў па польскай мове, але з іншых садкоў таксама прыходзяць дзеці. Таму яны пачынаюць вучыцца з нуля.

Дзеці прыходзяць вучыцца ў польскую школу па розных прычынах. У адных гэта матыў паходжаньня – продкі былі палякамі, таму бацькі жадаюць працягваюць традыцыю польскай мовы і культуры ў сям’і, іншыя бачаць для сваіх дзяцей лепшыя пэрспэктывы на будучыню. Амаль усе выпускнікі школы стараюцца атрымаць дыплём польскай вышэйшай навучальнай установы, хаця на ўсім, зразумела, гэта ўдаецца.

А. Арэхва: Хтосьці аддае дзіця сюды таму, што паляк па нацыянальнасьці, хтосьці таму, што школа недалёка, а іншы бачыць добрыя пэрспэктывы для навучаньня й пазьнейшай адукацыі. Усе спрабуюць здаваць экзамены ў польскіх інстытутах, ня кожнаму ўдаецца туды трапіць, але ўсё жадаюць вучыцца ў Польшчы.

Новы навучальны год у сярэдняй школе № 36 у Горадні пачнецца з урачыстай лінейкі ў суботу 1 верасьня. Перад гэтым дзеці, бацькі і настаўнікі будуць прысутныя на багаслужэньні ў бліжэйшым каталіцкім касьцёле. Дарэчы, шэфства над польскай школай узяло на сябе Польскае радыё.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт