Logo Polskiego Radia
Print

Гандаль людзьмі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.10.2012 15:23
Гандаль людзьмі – гэтя ня толькі змушаньне да прастытуцыі, але таксама выкарыстоўваньне працы людзей.

/

Сёньня – Эўрапейскі дзень супраць гандлю людзьмі.

Выкарыстоўваньне людзей, як кажуць спэцыялісты, набірае ўсё больш складаныя формы. Гэта ўжо ня толькі змушаньне да нявольніцкай працы, але, напрыклад, выкарыстоўваньне цяжкой сытуацыі ці няведаньня.

Сузаснавальніца фонду “Ля Страда” Яанна Гарньер інфармуе, што мысьленьне палякаў на тэму гандлю людзьмі мяняецца.

Я. Гарньер: Мы менш думаем пра гандаль людзьмі як пра танную сэнсацыю, што гэта кроў, гвалт і прастытуцыя. Мы думаем, што гэта можа закрануць кожнага з нас, што мы таксама можам сустрэцца з гэтай праблемай. Аднак палякі зьяўляюцца ня толькі ахвярамі. Палякі таксама выкарыстоўваюць іншаземцаў – і пра гэта нам найбольш складана думаць.

Намесьнік дырэктара Дэпартамэнту міграцыйнай палітыкі МУС Польшчы Пётр Мярэцкі называе лічбы падобных выпадкаў.

П. Мярэцкі: Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў, а нават сотняў злачынстваў у год. Столькі ж ахвяраў гэтых злачынстваў. Гэта асобы, якія ўдзельнічалі ў пэўных працэдурах, напрыклад, допытах, ці адкрыта заявілі, што яны зьяўляюцца ахвярамі гандлю людзьмі.

Пётр Мярэцкі прызнае, што злачынстваў такога тыпу можа быць значна больш.

Змагацца з выкарыстоўваньнем і гандлем людзьмі можна. Акрамя інфармаваньня адпаведных службаў аб такіх выпадках, грамадзтва можа зьвяртаць увагу на свае пакупкі. Многія тавары выпускаюцца фірмамі, якія выкарыстоўваюць працаўнікоў – кажа Ірэна Давід-Ольчык з “Ля Страда”.

І. Давід-Ольчык: Вельмі важнымі зьяўляюцца сьвядомыя пакупкі. У Польшчы ў гэтым напрамку яшчэ мала хто ідзе, але я думаю, што мы павінны быць гатовыя заплаціць больш за тавар, які выраблены сумленна.

Паводле дадзеных фонда “Ля Страда”, гандаль людзьмі ў Польшчы – гэта каля 15 тысяч выпадкаў у год. Гаворка пра палякаў за мяжой, як і іншаземцаў у Польшчы. Толькі ў гады 2009-2010, паводле зьвестак польскага МУС, у гандлі людзьмі былі абвінавачаныя 157 чалавек. Ахвяр у гэтым жа самым пэрыядзе было 934 асобы.

Праблема гандлю людзьмі безумоўна закранае й Беларусь. У чэрвені дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан агучыла штогадовы даклад аб гандлі людзьмі ў сьвеце. У гэтым дакладзе ў трэцюю катэгорыю побач з Расеяй, Азэрбайджанам, Казахстанам, Іракам, Узбэкістанам, Кітаем, Вэнэсуэлай, Эквадорам, Чадам, Нігерыяй, Конга трапіла Беларусь. Трэцяя катэгорыя аб’ядноўвала краіны, урады якіх ня ў поўнай меры адпавядаюць мінімальным стандартам, хоць прыкладаюць значныя намаганьні, але пры гэтым адсутнічае прагрэс у параўнаньні з папярэднім пэрыядам і колькасьць ахвяр гандлю людзьмі застаецца значнай.

У дакладзе гаворыцца, што Беларусь зьяўляецца крыніцай і краінай транзыту жанчын, мужчын і дзяцей, якія падвергліся сэксуальнай эксплюатацыі й прымусовай працы.

Беларускія жанчыны й дзеці падвяргаюцца сэксуальнай эксплюатацыі ў Расеі, Нямеччыне, Польшчы, на Кіпры, у Італіі, Эгіпце, Чэхіі, Летуве, Гішпаніі, Грэцыі, Бэльгіі, Турцыі, Ізраілі, Ліване, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і ў самой Беларусі. Працягваюць паступаць паведамленьні жанчын з малазабясьпечаных сем'яў у Беларусі аб прымусовай прастытуцыі ў Менску. Беларускія мужчыны, жанчыны й дзеці знаходзяцца на прымусовых працах у замежных краінах, такіх як Швэцыя, а таксама на прымусовых працах у будаўнічай індустрыі ў Расеі і ў Беларусі.

Беларускія беспрацоўныя жанчыны ва ўзросьце ад 16 да 30 гадоў і без вышэйшай адукацыі знаходзяцца ў найбольшай небясьпецы стаць ахвярамі гандлю людзьмі. Беларускія дзеці ва ўзросце 16-17 гадоў аказваюцца ахвярамі сэксгандлю ў Беларусі і ў Расеі. Беларускія мужчыны, якія шукаюць працу за мяжой, усё часьцей займаюцца прымусовымі працамі.

Праваабаронца Алег Гулак кажа, што праблема ёсьць. Беларусь зьяўляецца краінай-пастаўшчыком і транзытнай краінай асобаў для гандлю. Праваабаронца аднак кажа пра іншы бок праблемы. Цяпер гандаль людзьмі зьяўляецца «фішкаю» ў палітычным жыцьці краіны. А гэта не заўсёды добра.

А. Гулак: З аднаго боку добра, што дзяржава пра гэта клапоціцца й займаецца. Зь іншага, як у кожнай кампанейшчыне ёсьць свае перагібы. Дзеля справаздач пад барацьбу трапляюць людзі, якія да гандлю людзьмі ня маюць адносін, дзеля лічбаў не зьвяртаецца ўвага на працэдуры й законы. Да нас зьвяртаецца шмат людзей, якіх прыцягваюць да адказнасьць з сур'ёзнымі парушэньнямі працэдуры, таму праблема зьяўляецца шматграннай.

Паводле дадзеных Упраўленьня ААН па наркотыках і злачыннасьці штогод гандаль людзьмі прыносіць злачынцам даход у памеры 32 млрд. даляраў, эксплюатацыі падвяргаюцца 2,4 млн. чалавек. Прычым тэндэнцыі за апошнія гады зьмяніліся. Яшчэ 10 гадоў таму лічылася, што ахвяры гандлю людзьмі - гэта ў асноўным жанчыны. Цяпер сярод пацярпелых шмат і мужчын. Самы сумны факт - ад сэксуальнай і працоўнай эксплюатацыі пакутуюць таксама дзеці.

ав/svaboda.org

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт