Logo Polskiego Radia
Print

Рэжым абвяшчае вайну інтэлігенцыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.11.2012 17:30
  • Рэжым абвяшчае вайну з інтэлігенцыяй.mp3
Беларускія ўлады ў пошуку экстрэмізму дайшлі ўжо да навуковых часопісаў.

/

Першай ахвярай гэтай кампаніі стаў часопіс “Архэ”. Ягоны рэдактар быў вымушаны зьехаць з краіны. Кола эмігрантаў зь Беларусі пашыраецца?

За апошнія гады ў асноўным зь Беларусі зьязджалі палітыкі ды грамадзкія дзеячы. Асабліва моцна гэтая тэндэнцыя праявілася пасьля 2010 года, калі ўлады адказалі рэпрэсіямі на выбарчую актыўнасьць. Цяпер да палітыкаў пачалі далучацца аналітыкі ды інтэлектуалы. Апошні выпадак – часопіс "Arche”. У кастрычніку рэдактар атрымаў штраф нібыта за незаконны продаж кніг і часопіса. Потым зьвіліся сюжэты па БТ, у якіх часопіс быў ужо названы “экстрэмісцкім”. Сёньня былы галоўны рэдактар Валер Булгакаў паведаміў радыё «Свабода», што выехаў з Беларусі. Гэта трагедыя, мяркуе філёзаф Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч: Для мяне тое, што здарылася з “Arche” – гэта асабістая трагедыя. Многія ў нас недаацэньваюць таго, што зрабіў Валер Булгакаў. “Arche” – гэта адна з найбуйнейшых культурных зьяваў у нашай найноўшай гісторыі.

Разам з тым, гэта тэндэнцыя ў разьвіцьці беларускага рэжыму, кажа дыплямат ды былы дэпутат ВС Пётра Садоўскі.

Пётра Садоўскі: Зачышчаецца ўсё беларускае поле: і дэмакратычнае, і культурніцкае. Разам з тым, рэжым у нас такі, што пакінуў дзіркі. Калі б яны былі заціснутыя, тады, магчыма б, днішча ўзарвалася б. Таму рэжым пакідае дзіркі ў выглядзе магчымасьці зьяжджаць за мяжу, і нешта там рабіць. На сёньняшні дзень у Беларусі нічога ня можа памяняцца на бліжэйшыя пяць гадоў, як мінімум, а можа і больш. Калі ня будзе нейкага зьнешняга ўмяшальніцтва.

Такім парадкам, часопіс “Arche” можа папоўніць сьпіс іншых беларускіх навуковых, аналітычных ды інтэлектуальных праектаў, якія працягваюць існаваць за мяжой, кажа палітоляг Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: Магчыма Булгакаў і вернецца, калі зьнікне небясьпека трапіць за краты. Цяпер за мяжой знаходзяцца іншыя інтэлектуалы. Гэта йВардамацкі, Юлія Слуцкая, таксама журналісты ды навукоўцы. Гэта пачалося ня сёньня, а раней. Асабліва паскорыўся гэты працэс пасьля 19-га сьнежня 2010-га году.

Ці эміграцыя – гэта перашкода ў дзейнасьці? Напрыклад, ня раз гучаць абвінавачаньні ў бок тых, хто выехаў, у тым, што яны адарваліся ад рэчаіснасьці ў краіне. Пётра Садоўскі мяркуе, што тут няма адзінага правільнага погляду.

Пётра Садоўскі: Тут нельга нікога асуджаць. Безумоўна, можна зьехаць, можна нешта там рабіць. Цяжэй заставацца тут і тут нешта рабіць, а гэта больш патрэбна. У такі час трэба назапашваць сілы ды распаўсюджваць веды.

У сваю чаргу эміграцыя ня раз была штуршком для разьвіцьця для розных асобаў і праектаў. Гаворыць Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: Сёньня можна займацца Беларусьсю, знаходзячыся за мяжой. Некаторыя вельмі актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці, як Алесь Міхалевіч, альбо рэгулярна друкуюцца, як Павал Усаў. Эміграцыя – не перашкода. Яшчэ больш прыкладаў можна знайсьці ў гісторыі, калі эмігранты за мяжой больш актыўна працавалі на сваю краіну, чым дома. Той жа Герцэн са сваім “Колоколом”, той жа Ленін з “Іскрай”.

У сваю чаргу, іншыя суседзі беларусаў – палякі мелі, напрыклад, парыскую “Культуру”. Гэтае выданьне было важным асяродкам польскай незалежніцкай думкі, навукі ды культуры. Ці часопіс “Arche” зможа стаць беларускай “Культурай”?

Валянцін Акудовіч: Параўноўваць з “Культурай” хутчэй за ўсё не выпадае. Справа ў тым, што за мяжой наўрад ці атрымаецца аднавіць й працягнуць “Arche” ў тым фармаце, аб’ёме, які часопіс меў тут. Я вельмі хачу, я мару, каб уся гэтая дрэнная гісторыя скончылася, а Валер Булгакаў вярнуўся ў Беларусь ды працягваў працу над “Arche”.

У Беларусі працягваецца перасьлед іншадумцаў. Пасьля 2010-га году ўлады вядуць палітыку па выштурхоўваньні найбольш актыўных апанэнтаў за мяжу. Цяпер гэтая хваля закранула навуковыя ды інтэлектуальныя колы. Адным з першых пад удар трапіў часопіс “Arche”. Як паведаміла дзяржаўная прапаганда за “альтэрнатыўны погляд” на гісторыю Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт