Logo Polskiego Radia
Print

Культ асобы на постсавецкім абшары

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.11.2012 15:29
  • Культ асобы на постсавецкім абшары.mp3
Здавалася, што постсавецкія людзі маюць імунітэт на такую зьяву, як “культ асобы”.

/

Добрай прышчэпкай былі часы “сталінізму” ды “застою”. Аднак апошнія гады сьведчаць пра адваротную тэндэнцыю. Культ асобы зноў расьцьвітае на постсавецкай прасторы.

Аўтарытарызм, неабмежаваная ўлада раней ці пазьней прыводзіць да палітычных перабольшваньняў, якія выражаюцца ў стварэньні культу асобы. Гэта паліталягічная аксіёма. Падзеі апошніх гадоў на постсавецкай прасторы толькі яе пацьвярджаюць. Адным зь першых постсавецкіх лідэраў, які пачаў ствараць культ уласнай асобы, быў першы прэзыдэнт Туркмэністану. Распавядае палітоляг Павал Усаў.

Павал Усаў: Найбольшага ўзроўню, нават хваравітага, культ асобы дасягнуў у Туркмэністане пры Сапурмураце Ніязаве, які ня толькі атрымаў тытул Туркмэнбашы, бацькі ўсіх туркмэнаў, але быў творцам афіцыйна ідэалёгіі, якая была выдадзена ў форме кнігі “Рухнама”. Пазьней яму быў наданы тытул Туркмэнбашы Вялікі. Яго прозьвішчам былі названыя гарады, вуліцы, нават горы. Па ўсім Туркмэністане было ўсталявана каля 14 тыс. помнікаў, партрэты разьмяшчаліся на таварах, была выпушчана водка “Правадыр” зь ягоным партрэтам на этыкетцы.

Сярод туркмэнскага насельніцтва спэцыяльна распаўсюджвалі чуткі пра надзвычайныя здольнасьці “бацькі ўсіх туркмэнаў”.

Павал Усаў: Сапраўды, Ніязаву прыпісвалі боскія якасьці, напрыклад, былы прэзыдэнт мог нібыта выклікаць і спыняць дождж. (Нешта падобнае казаў пра сябе й Лукашэнка). Калі ў 2000 годзе ў Ніязава пацямнеў колер валасоў, афіцыйная прапаганда стала тлумачыць гэта тым, што прэзыдэнт маладзее. Пры гэтым у сваім жаданьні пачуць сябе Богам, Ніязаў даходзіў да анэкдатычнасьці, напрыклад, сьцьвярджаў, што мог забіваць муху сваім позіркам.

Умацаваны гэткімі здольнасьцямі туркмэнскі “ўладар мух” пачаў актыўна зьмяняць жыцьцё туркмэнаў на свой капыл.

Павал Усаў: Па загаду Ніязава ў Туркмэністане быў уведзены новы каляндар. Месяцы й дні тыдня былі названыя ў гонар яго ды ягоных блізкіх людзей, напрыклад, студзень быў названы Туркмэнбашы. Красавік – гурбансолтан-эжэ (у гонар маці прэзыдэнта), верасень – Рухнама.

Толькі пасьля сьмерці Туркмэнбашы абсурднасьць ягонай палітыкі пачала спыняцца. Ненадоўга.

Павал Усаў: Тым ня менш, на зьмену культу Ніязава пачаў прыходзіць культ Бэрдымухамедава, якога таксама пачалі называць Аркадаг (апякун) лідар нацыі. Прозьвішчамі бацькі й маці новага кіраўніка пачалі называць дамы культуры, заводы, вайсковыя часткі. Любіць туркмэнскі народ сваіх правадыроў.

Некаторыя прыкметы культу асобы праяўляюцца і ў іншых азіяцкіх краінах.

Павал Усаў: У Таджыкістане таксама ўсталяваўся культ асобы прэзыдэнта. Часамі пасьля шумных банкетаў, Рахмон прымушае сяброў свайго атачэньня танцаваць пад індыйскую музыку, падчас візытаў па вёсках і гарадах цалуюць яго па руках. Зусім нядаўна выйшла ў сьвет кніга пра Эмамалі Рахмона “Збавіцель нацыі”. Год таму быў зьняты 24-сэрыйны фільм “Незалежнасьць”, прысьвечаны дзейнасьці прэзыдэнта.

Моцныя культавыя тэндэнцыі ўсталяваліся і ў Казахстане.

Павал Усаў: Казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў атрымаў нядаўна тытул лідара нацыі (Элбасы). Гэта значыць, што калі ён перастане быць прэзыдэнтам, то й так зможа захаваць уладныя функцыі. 1 студзеня – дзень народзінаў прэзыдэнта – стаў афіцыйным сьвятам і называецца Днём прэзыдэнта. У казахскіх школах праводзяцца конкурсы на найлепшае веданьне біяграфіі Назарбаева. Быў створаны музэй Назарбаева, рэгулярна адбываюцца “Назарбаеўскія чытаньні”, адзін з самых высокіх пікаў Цянь-Шаня названы пікам Назарбаева.

Памылкова было б думаць, што “культ асобы” – гэта выключна азіяцкая спэцыяльнасьць. “Эўрапейскім” уладарам постсавецкай прасторы таксама не чужая прага неабмежаванай улады. Гэта, як вядома, раней ці пазьней прывядзе да “культу асобы”.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт