Logo Polskiego Radia
Print

Онлайн гульня пра гісторыю Беларусі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.12.2012 14:21
  • Онлайн гульня пра гісторыю Беларусі.mp3
У інтэрнэце зьявілася онлайн гульня-віктарына прысьвечаная гісторыі Беларусі й Польшчы пад назвай Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

/

Гульня паўстала ў рамках беларуска-польскага грамадзкага супрацоўніцтва. Яна зьяўляецца інтэрактыўнай гістарычнай віктарынай, якая распавядае аб гісторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў ад моманту яе паўстаньня аж да канца існаваньня.

Гульня мае на мэце азнаямленьне гульцоў зь гістарычным зьместам і заахвочваньне да павышэньня ведаў аб культуры, традыцыях і гісторыі краін, якія ўваходзілі ў склад былой Рэчы Паспалітай.

У гульні 10 узроўняў, кожны зь іх зьмяшчае 10 гістарычных пытаньняў. Мэта гульца – адказаць на максымальную колькасьць пытаньняў. Пасьля праходжаньня кожнага ўзроўню гулец атрымлівае адзін з атрыбутаў шляхціча. Галоўная задача – сабраць усе атрыбуты й дыплём наданьня шляхецтва.

Мы зьвязаліся з каардынатаркай праекта з польскага боку Бэатай Карчмаж з фонду “Rozwiń Skrzydła”.

Скажыце, калі ласка, адкуль зьявілася ідэя стварыць такую гістарычную гульню?

Б. Карчмаж: Гульня стала падвядзеньнем вынікаў праекта нашага фонду пад назвай “Паміж гісторыяй і сучаснасьцю. Сьлядамі спадчыны Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў”. У рамках гэтага праекта адбыліся два абмены польска-беларускай моладзі. Моладзь пісала артыкулы для публікацыі праекта, а таксама ўзьнікла інтэрнэт-гульня. Ідэя гульні належыць маладым беларусам і палякам, якія зацікаўленыя агульнай гісторыяй Польшчы й Беларусі. Аднойчы яны прыйшлі да нас у фонд і запыталіся, ці пры падтрымцы нашага фонду не ўдалося б зрабіць такую гульню. Нам удалося атрымаць грант і зрабіць інтэрнэт-гульню.

Калі гульня зьявілася ў сеціве?

Б. Карчмаж: Гульня даступная каля месяца. Яна існуе ў форме бясплатнай ліцэнзіі. У яе можа гуляць бясплатна кожны. Гульня даступная на трох мовах – польскай, беларускай і ангельскай. Як і цэлы праект “Паміж гісторыяй і сучаснасьцю”, гульня адрасаваная школьнай моладзі й студэнтам. Мы вельмі хацелі б, каб гульня выконвала функцыю адукацыйнаў дапамогі настаўнікам гісторыі ў Польшчы й Беларусі. Выкарыстаньне інтэрнэту зьяўляецца інавацыйнай тэхнікай, якая цікавіць моладзь. Мы хацелі б, аб моладзь вывучала гісторыю ня толькі з падручнікаў, але каб новыя тэхнялёгіі таксама прычыняліся да разьвіцьця моладзі.

Цягам месяца ў гульню сыграла больш за 100 чалавек. Гульня зьяўляецца бясплатнай і даступная онлайн па адрасе: http://rp1569.com.

Аўтарам музыкі, выкарыстанай у гульні, зьяўляецца фольк-гурт "Мятліца".

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт