Logo Polskiego Radia
Print

Пытаньне візаў адкрытае

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.01.2013 17:17
Галоўная праблема - дамова аб рэадмісіі.

Эўрапейскі Зьвяз ня супраць пачаць перамовы аб візавай падтрымцы й пераглядзе пагадненьняў з мэтаю палегчыць беларускім грамадзянам наведваньне Эўразьвязу. Пра гэта напісалі з кабінэта камісара ЭЗ па пашырэньні і добрасуседзтве Штэфана Фюле ў адказ на зварот старшыні аргкамітэту аб’яднаньня “Сацыял-дэмакраты за дыялёг і кансалідацыю” Анатоля Ляўковіча. Адно з галоўных пытаньняў – спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў.

У звароце беларускіх сацыял-дэмакратаў выкладаліся асноўныя ідэі стратэгіі “За дыялёг і кансалідацыю”. Гэтая прапанова поўнасьцю супадае з эўрапейскай традыцыяй вядзеньня палітычных справаў. Яна была ініцыяваная стратэгіяй Эўрапейскага Зьвязу, накіраванай на дыялёг зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, а таксама ўладамі, калі Польшча ды Швэцыя прапанавалі стварыць "Усходняе партнэрства", - распавёў нам Анатоль Ляўковіч.

А. Ляўковіч: Я ж памятаю пра тое, як міністар замежных справаў вашай краіны Р. Сікорскі сказаў, што ёсьць прапанова Польшчы, Швэцыі, Эўразьвязу – стратэгія на дыялёг. Мае прыхільнікі ўспрынялі гэта вельмі добра. Але калі адбылася “плошча” ў 2010 г., памянялася стратэгія ЭЗ. А мы не мяняем сваёй стратэгіі. Плошча адыграла вельмі адмоўную ролю. Ад яе ня выйгралі ні беларускі народ, ні краіна, ні апазыцыя, ні ўлада, ні ЭЗ. Яна была на карысьць толькі Крамлю.

Адна з галоўных і пакуль невырашальных праблемаў у адносінах паміж ЭЗ ды Беларусьсю – гэта візы. Для беларускіх грамадзян шэнгенская віза каштуе 60 эўра, што зьяўляецца часта непасільным выдаткам, ня кажучы ўжо пра ўсю бюракратычную валакіту, зьвязаную з атрыманьнем візы. А. Ляўковіч адзначае, што гэтае пытаньне таксама закранаецца ў іх стратэгіі.

А. Ляўковіч: Эўразьвяз робіць усе намаганьні, каб гэтую праблему вырашыць. Часткова яе можна вырашаць толькі праз выданьне шэнгенскай візы. У кожнай краіне ёсьць свае нацыянальныя візы, і нам сказалі, што ідуць перамовы з нацыянальнымі суб’ектамі ЭЗ, каб палегчыць гэтую праблему. У Брусэлі ўсё магчыма, але ёсьць праблема з боку Беларусі.

Візавы рэжым для беларусаў можа быць спрошчаны толькі тады, калі беларускі бок пойдзе на перамовы – гаворыць палітоляг Андрэй Фёдараў. А пакуль што беларускія ўлады не адказваюць на сыгналы, якія ідуць з Брусэля.

А. Фёдараў: Гэтая прапанова з боку Брусэля ляжыць ужо некалькі месяцаў, а можа й год. Але афіцыйны Менск на яе не адгукаецца. Я не ўпэўнены, што беларускім уладам надта патрэбнае гэтае аблягчэньне. Мне падаецца, што чым больш грамадзянаў зможа выязджаць за мяжу, у цывілізаваныя краіны, у ЭЗ, тым больш пытаньняў у іх можа зьявіцца наконт таго, што адбываецца на радзіме.

А ці Эўрапейскі Зьвяз мог бы ў аднабаковым парадку спрасьціць візавы рэжым для Беларусі, не чакаючы адказу з боку беларускіх уладаў, і панізіць цану візаў? Гэта ня так проста, паколькі на тэрыторыі шэнгенскіх краінаў дзейнічае кодэкс, у якім гаворыцца, у якіх выпадках такія крокі могуць быць зробленыя. Перш за ўсё гаворка ідзе пра рэадмісію – нагадвае аналітык з Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр.

А. Дынэр: Галоўная перашкода, каб беларусы плацілі 35 эўра за візу, а не 60 – гэта тое, што беларускія ўлады не згаджаюцца на дамову аб рэадмісіі. Калі б нейкі нелегальны мігрант быў затрыманы на тэрыторыі ЭЗ, і сказаў, што ён прыехаў зь Беларусі, то яго можна было б выслаць у Беларусь. Гэта не падабаецца беларускім уладам, галоўным чынам таму, што няма мяжы з Расеяй. Зразумела, Эўрапейскі Зьвяз, асабліва краіны, якія мяжуюць з Беларусяй, хацелі б разьвіваць больш шырокія кантакты з грамадзянамі гэтай краіны. Але калі ўвесьці выключэньне для Беларусі, то іншыя краіны, ня толькі эўрапейскія, змогуць пачаць пратэставаць, чаму для Беларусі зрабілі выключэньне й панізілі цану візаў без дамовы аб рэадмісіі, а для іх – не?

Такім чынам пакуль што пытаньне паніжэньня цаны візаў для беларусаў застаецца адкрытым. З афіцыйнага Менску няма сыгналаў, што ўлады могуць у бліжэйшым часе згадзіцца падпісаць з Эўразьвязам дамову аб рэадмісіі. А бяз гэтага візы застануцца дарагімі й цяжка даступнымі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт