Logo Polskiego Radia
Print

Як знайсьці грошы на культуру?

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 16.01.2013 11:30
Шукаеш сродкі на выданьне кнігі, дыску альбо здымкі фільму? Бегаць па інстанцыях неабавязкова – займіся краўдфандынгам.

/

У Польшчы стартаваў першы crowdfunding-партал. Wspieramkulture.pl (Падтрымліваю культуру) - гэта сэрвіс для мэцэнатаў культуры XXI ст. Творца, які шукае сродкі на рэалізацыю свайго праекту, апісвае яго, высылае рэдактарам парталу, а тыя публікуюць яго на старонцы. Цягам двух месяцаў інтэрнэт-карыстальнікі могуць ахвяраваць на праект любыя сумы.

Сrowdfunding альбо народнае фінансаваньне прыйшло ў Польшчу з ЗША. За акіянам дзякуючы гэтай форме фінансаваньня зьбіраюцца мільярды даляраў. Самы папулярны амэрыканскі партал такога кшталту Kickstarter.com дазволіў рэалізаваць за апошнія пару гадоў 30 тысяч праектаў за больш як мільярд даляраў. Адзін з апошніх гучных прыкладаў краўдфандынгу – выбарчая кампанія ў ЗША. Збор сотняў мільёнаў даляраў на выбарчую барацьбу й ёсьць crowdfunding.

Першыя краўдфандынгавыя парталы зьявіліся ў Польшчы пару гадоў таму. На іх зьбіралі грошы на дробныя выдаткі: падарожжа маладой пары па Эўропе, урокі плаваньня для дзяцей з Дому дзіцяці альбо на Марш талерантасьці ў Познані.

/

Wspieramkulture.pl – гэта рэсурс цалкам прысьвечаны культуры. “І ўдзень і ўначы кожны жадаючы можа ахвяраваць сродкі на выданьне кнігі, дыску, на здымкі фільму альбо краязнаўчае падарожжа” - распаядае Вікторыя Мікоўска з рэдакцыі парталу.

Вікторыя Мікоўска: Вельмі часта людзям не падабаюцца творы мастатцва. А калі творцы яшчэ й атрымоўвалі на гэта сродкі ад дзяржавы, то людзі абураюцца, маўляў, штосьці такое зроблена за мае падаткі. Дзякуючы нашаму рэсурсу кожны жадаючы можа абраць той праект, які яму падабаецца і ў які ён верыць. Так мы ня будзем сумнявацца, што нашы грошы пайшлі не туды, куды трэба.

Партал выконвае функцыю пасярэдніка. Любы творца, які шукае сродкі на свой праект, высылае яго апісаньне й інфармацыю пра патрэбную суму. Збор сродкаў працягваецца да 60 дзён. Мінімальны тэрмін – 14 дзён. Ёсьць сярод праектаў і такія, збор на якія працягваецца ўвесь год – гэта цыклічныя імпрэзы, напрыклад, Фэстываль габрэйскай культуры ў Кракаве.

На дадзены момант на партале прадстаўленыя 23 праекты. Збор грошай адбываецца паводле прынцыпу: усё альбо нічога. Калі за акрэсьлены час праект ня здолее сабраць патрэбную суму, то ахвярадаўца атрымае свае грошы назад, а праект зьнікае з парталу.

Нядаўна так былі сабраныя грошы на першы праект. Мала таго, што ён быў адным з самых дарагіх, дык яшчэ й сабраныя сродкі даўно перакрочылі патрэбную суму.

Вікторыя Мікоўска: Гэта праект дакумэнтальнага фільму пад рабочай назвай “Хустка”. Галоўная гераіня Яанна Салыга хворая ракам. Гэта кранальны фільм пра нязломную жанчыну й яе сям’ю. Збор яшчэ не завершыўся, а на фільм ахвяравалі каля 120% патрэбнай сумы. А неабходная сума – гэта 30 тысяч злотых.

Малады
Малады мастак Якуб Кіюц зьбірае грошы на выданьне сэрыі коміксаў.

Рэшту сумы аўтары могуць прызначыць на свой наступны праект альбо выдаткаваць паводле ўласнага жаданьня. Такія правілы.

Ёсьць на партале й праекты, якія шукаюць частковае фінансаваньне, бо асноўную суму творцы сабралі самастойна. Гэта, напрыклад, сродкі на аплату паслуг гукарэжысэра альбо мантажыста для фільма ці дыску.

Самая высокая сума, якую неабходна сабраць, на дадзены момант складае 50 тысяч злотых. Самая малая – 1 500 зл. Мінімальная сума ахвяраваньня – 5 злотых. За кожнае ахвяраваньне творцы прадугледзелі для ахвярадаўцаў падарункі.

Вікторыя Мікоўска: Якімі будуць падарункі - залежыць ад творцы й яго ідэі. За 5 злотых можа быць проста сардэчная падзяка. Напрыклад, у падзяку за ахвяраваньні на фільм “Хустка” аўтары зьмесьцяць прозьвішчы спонсараў у тытрах. Хтосьці атрымае дыск зь фільмам, іншага аўтары запросяць на вячэру. Адзін з нашых праектаў – гэта выданьне кнігі пра цягнікі. І тут узнагародай за ахвяраваньне зьяўляецца курс машыніста цягніка.

Ахвяраваць грошы могуць і вялікія кампаніі. Падзякай для іх будзе зьмяшчэньне на выніковым прадукце рэклямы фірмы.

Фільм
Фільм "Хустка" сабраў 120% ад патрэбнай сумы.

Дасылаць свае праекты на партал могуць як вядомыя аўтары, так і пачаткоўцы. Абмежаваньняў няма. Аднак ініцыятары парталу хочуць, каб патрал wspieramkulture.pl стаў трамплінам для маладых творцаў з правінцыі, якія ня маюць доступу да мэцэнатаў і багатых карпарацый і якімі не цікавяцца агульнарэспубліканскія СМІ.

Цягам месяца пасьля старту на партале пакінулі свае ахвяраваньні больш за 500 чалавек і іх колькасьць пастаянна павялічваецца. Расьце колькасьць сяброў рэсурсу ў сацыяльных сетках. «Але канчаткова посьпех нашай ідэі залежыць ад саміх творцаў», - кажа Вікторыя Мікоўска.

В. Мікоўска: Калі яны пакажуць спонсарам, што тыя зьяўляюцца часткаю іх праектаў, калі пакажуць ім гэты гатовы праект, то менавіта ён і стане доказам даверу й будзе спрыяць новым ідэям. Людзі будуць разумець, што посьпех творцы, якому яны дапамаглі – гэта таксама й іх заслуга. Калі ж творцы не апраўдаюць даверу, то ня варта зьдзіўляцца, што людзі не захочуць больш фінансаваць іх праекты.

Ініцыятары парталу wspieramkulture.pl хочуць, каб іх рэсурс дапаўняў функцыю Міністэрства культуры. Каб даваў магчымасьць самарэалізавацца творцам, на якіх пакуль зь недаверам глядзяць камэрцыйныя ўстановы, і ў якіх няма шанцаў самастойна фінансаваць свае першыя праекты. І ў гэтых плянах няма нічога немагчымага. Экспэрымэнт прайшоў удала. Краўтфандынг працуе.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт