Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўдасца адрадзіць эканамічны цуд?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.02.2013 15:30
  • эканамічны цуд.mp3
Зь леташніх 1,5% росту ВУП сёлета эканоміка павінна падскочыць да 8,5%.

/

Зь леташніх 1,5% росту ВУП сёлета эканоміка павінна падскочыць да 8,5%. Гэта расхістваньне чаўна, кажуць незалежныя экспэрты.

Летась памеры эканамічнага росту выклікалі спрэчку паміж урадам ды прэыздэнтам. Савет міністраў прапанаваў унесьці ў пляны эканамічнага разьвіцьця краіны павелічэньне валавагу ўнтранага прадукту (ВУП) на 1,5%. Аляксандар Лукашэнка убачыў у гэтым дэфэтызм ды сабатаж і запатрабаваў, каб беларуская эканоміка расла больш інтэнсыўна. На думку кіраўніка краіны, павінны яна вырасьці на 5-5,5%.
На днях Нацыянальны камітэт па статыстыцы выдаў вэрдыкт у гэтай спрэчцы. Беларуская эканоміка вырасла роўна на 1,5%. З чаго гэта вынікае, мы запыталіся ў эканаміста Міхася Залескага.

Міхась Залескі: Проста, паралельна ідуць два працэсы. Адзін – гэта жыцьцё, а другі – прапаганда папуліста Лукашэнкі. Ён увесь час абвяшчае перамогі: такая, сякая, а потым ціхенька праходзяць паведамленьні, што перамогі не адбылося. Давайце прыгадаем. Абяцалі аўтамабіль “Саманд” – няма! Хваліліся тонамі іранскай нафты – скончылася. Таксама й з адсоткамі ВУП – яны скарачаюцца. Не выканалі 9 з 16 зацьверджаных прэзыдэнтам паказчыкаў – галовы паадрываю! І што? А нічога!

На 2013-ы год беларускія ўлады паставілі перад сабою яшчэ больш амбітныя мэты. Згодна з найважнейшымі парамэтрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцьця й асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год, сёлета ВУП краіны павінен вырасьці на 8,5%. На думку Сяргея Чалага, рэальны прагноз трэба нашмат заніжаць, інакш урад расхістае човен беларускай эканомікі.

Сяргей Чалы: Калі ўлады ня будуць прыкладаць надзвычайных высілкаў, каб штучна стымуляваць эканамічны рост, тады мажлівыя лічбы блізу 2-3%. Усё ўпіраецца ў тое, што ў нашай эканоміцы найменшыя спробы падштурхнуць яе імгненна адгукаюцца на валютным і грашовым рынку. Усё залежыць ад таго, што будуць рабіць улады. Калі ў іх пераможа спакуса паказаць высокія тэмпы росту, тады будзе і высокая інфляцыя, і падзеньне курсу нацыянальнай валюты. Такім коштам можна дасягнуць высокіх тэмпаў росту.

Апроч высокіх тэмпаў эканамічнага росту, беларускія ўлады прагназуюць 15% рост экспарту. Экспэрт дзівіцца, адкуль такі аптымізм.

Сяргей Чалы: У зьнешнім гандлі складваецца не такая сумная сытуацыя, як у апошнія месяцы мінулага году, калі гандлёвае сальда было ў мінусе на 300, 400 і 500 мільёнаў. Сёлета будзе лепшая сытуацыя, бо каньюктура палепшылася. Але гэта не мяняе сытуацыі ўнутры краіны. На бягучы год заплянаваныя нерэалістычныя парамэтры. Гэта тычыцца й 15% росту экспарту. Незразумела, адкуль ён возьмецца, калі краіны – нашы гандлёвыя партнэры сёлета вырастуць на 3-3,5%. Такія цяпер прагноы агучыў Сусьветны банк і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Яшчэ адзін прагнозны паказчык – тэмпы мадэрнізацыі. Беларускія ўлады сёлета паставілі перад сабою грандыёзныя пляны. Абнаўляць будуць прамысловасьць краіны. У сьпісе дрэваапрацоўка, льнозаводы ды іншыя. Урад кажа пра мільярдныя інвэстыцыі. Адкуль на гэта возьмуцца грошы, калі яшчэ нядаўна Лукашэнка ня ведаў, дзе ўзяць мільярд на плату па крэдытах?

Сяргей Чалы: Гэта амаль цалкам грунтуецца на спадзяваньнях, што мы атрымаем 4,5 мільярда даляраў наўпроставых замежных інвэстыцый у гэтым годзе. Зь іх 2,5 ад прыватызацыі нейкіх беларускіх актываў. Мне здаецца, што гэта ня вельмі рэалістычны плян. На добры лад, размовы пра мадэрнізацыі – гэта прапагандысцкі праект, які ня мае крыніц фінансаваньня.

Пры сёньняшнім стане беларускай эканомікі, кажуць экспэрты, трэба захоўваць “асьцярожны аптымізм”. Празьмерныя апэтыты ўладаў могуць зноў разбалянсаваць эканоміку.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт