Logo Polskiego Radia
Print

Змаганьне за кірыліцу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.02.2013 17:10
У харвацкім Вукавары новы канфлікт.


/

Прычынай стала кірыліца, або кірылічнае напісаньне назваў. Гэтую тэму асьвятляе штодзёнка „Rzeczpospolita”.

1-га ліпеня Харватыя ўступае ў Эўразьвяз. Разам з гэтым вучыцца паважаць правы меншасьцяў. Адным з крокаў у гэтым напрамку стала рашэньне аб падвойным напісаньні (лацінскім і кірылічным альфабэтам) назваў вуліц ды інфармацыйных табліц у горадзе Вукавар. Тут жыве вялікая сэрбская меншасьць. Аднак тамтэйшыя харваты адказалі на гэта пратэстамі. Найбольш шчыравалі мясцовыя вэтэраны вайны з Сэрбіяй. Яны зрывалі двухмоўныя табліцы і абвінавачвалі сэрбаў у дзейнасьці на шкоду Харватыі.

Рашэньне аб падвойным напісаньні назваў харвацкія ўлады прынялі яшчэ ў сьнежні мінулага году. Яно датычыць тых раёнаў, дзе жыве сэрбская меншасьць. У першую чаргу гэта 20 раёнаў Славоніі й Далматыі, дзе адсотак сэрбаў перавышае 33% усіх жыхароў. Паводле гэтага ж прынцыпу сюды трапіў і Вукавар.

Аднак тут узьніклі праблемы. Справа ў тым, што гэты горад моцна пацярпеў ад вайны пачатку 1990-х гадоў. Ён перажыў трохмесячную асаду 30-тысячнай сэрбскай арміі. 17 лістападу 1991-га году пасьля моцнага артылерыйскага абстрэлу сэрбы захапілі горад і выразалі 7,5 тыс. харватаў, у тым ліку 300 пацыентаў мясцовага шпіталя. Для харватаў гэты горад стаў сымбалем.

Пасьля перамоваў 1998-га году горад быў аддадзены харвацкім уладам і па сёньня яго адбудоўваюць.

Цяперашні ўрад прыняў рашэньне ўвесьці двухмоўныя надпісы, каб паказаць сваю добрую волю й талерантнасьць у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў перад уступленьнем у ЭЗ. Афіцыйны Загрэб чакае канчатковай справаздачы Эўракаміі пра гатоўнасьць Харватыі да ўступленьня. Справаздача зьявіцца праз паўтара месяца. Харвацкія ўлады хочуць паказаць сябе зь як мага найлепшага боку й таму заклікаюць харватаў спыніць этнічную варожасьць ды быць больш талерантнымі.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт