Logo Polskiego Radia
Print

„Rzeczpospolita”: Навернуты Міцкевічам

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 09.02.2013 12:38
  • 09.02.13 presa.mp3
Расейскі бізнэсовец прачытаў у турме „Пана Тадэвуша” і адчуў сябе беларусам.

Павел Падкарытаў, пасьля вызваленьня з турмы, пачаў сустракацца зь беларускай інтэлігенцыяй, а нядаўна набыў маёнтак шляхецкага роду Бохвіцаў гербу Радван у Падароску, што ў паўдарогі паміж Ваўкавыскім і Ружанамі. Там ён хоча стварыць Музэй беларускай шляхты.

— Чаму беларускай? Бо якой была шляхта, якая жыла на нашых землях? Калі назваць яе польскай або літоўскай, то гэта было б недаспадобы ўладам, — тлумачыць газэце Генадзь Семянчук, гарадзенскі гісторык, прадстаўнік расейскага бізнэсмэна.

/

Былога маёнтку Бохвіцаў у Падароску немагчыма не заўважыць з дарогі Берасьце – Горадня. Мінаючы цагляны мур, які атачае парк з комплексам будынкаў, у вочы кідаецца найперш брама ў стылі нэабарока, тыповая для сярэдне заможнай шляхты. Паводле Семянчука, і брама, і сама сядзіба ў Падароску — гэта ўнікальныя аб’екты.

Журналіст газэты „Rzeczpospolita” прыводзіць прыклад яшчэ адной шляхецкай сядзібы, выкупленай расейцам. Гэта разьмешчаны ў пяці кіляметрах ад Падароска палацавы комплекс у вёсцы Краскі, былая сядзіба Сегеняў. Яе новы ўладальнік расейскі бізнэсовец Вадзім Селіхаў два гады таму заплаціў за гістарычную нерухомасьць $105.000 і прыступіў да рэканструкцыі двара. На час рамонту гаспадар забараніў уваход на тэрыторыю маёнтку.

— Наколькі мне вядома, Селіхаў мог набыць маёнтак пры ўмове, што аддасьць яго ў свабодны доступ пасьля рэканструкцыі, — тлумачыць Генадзь Семянчук. Аднак мясцовыя жыхары лічаць, што Селіхаў набыў палац, каб у ім жыць.

Упаўнаважаны расейскім бізнэсоўцам да афармленьня фармальнасьцяў, зьвязаных з набыцьцём нерухомасьці ў Падароску, Семянчук перакананы, што Павел Падкарытаў плянуе разьвіваць турызм. Сядзіба Бохвіцаў каштавала $120.000. І хоць вядома, што інвэстыцыя ня вернецца хутчэй, чымсьці праз 5-10 гадоў, Семянчук упэўнены, што дырэктар расейскага энэргетычнага холдынгу робіць гэта з „глыбокай патрэбы сэрца”. У палац у Падароску ён інвэстуе свае ўласныя грошы і робіць гэта як фізычная асоба, зазначае Семянчук. Беларускую душу ў ім абудзіў Міцкевіч.

Нарадзіўся Павел Падкарытаў у 1968 годзе на Ўрале ў Сьвярдлоўску (сёньняшні Екацерынбург), а цяпер жыве ў Таліне. Ён пераехаў у эстонскую сталіцу пасьля таго, як у 2010 годзе быў вызвалены з расейскай турмы, куды трапіў на пяць гадоў за эканамічныя злачынствы.

— У вязьніцы ён прачытаў „Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Пасьля гэтага Падкарытаў пачаў цікавіцца сваім паходжаньнем і адкрыў для сябе Беларусь ды яе гісторыю, — апавядае Семянчук.

Падкарытаў прыгадаў, што ягоная бабуля ўжывала незнаёмыя расейскаму вуху словы. Аказалася, што бабуля размаўляла па-беларуску, бо была беларускай і насіла прозьвішча Бераговіч.

У турме Падкарытаў меў доступ да інтэрнэту. Ён пачаў чытаць беларускія апазыцыйныя парталы, потым замаўляў празь інтэрнэт або празь сяброў беларускія кніжкі і да такой ступені авалодаў мовай, што змог свабодна размаўляць зь беларускай інтэлігенцыяй. Выйшаўшы з турмы, ён пачаў падтрымліваць беларускія публікацыі і культурныя праекты.

/

Новы ўладальнік сядзібы ў Падароску заяўляе, што гэта будзе інтэрактыўны музей. Там, сярод іншага, будуць арганізаваныя рэканструкцыі гістарычных падзей, якія дайшлі да нас толькі ў легендах. Адна з легенд кажа, што ў 1812 годзе ў сядзібе на тры дні спыніўся Напалеон са сваім штабам. Таму пакой, у якім жыў імпэратар, быў названы ў ягоны гонар. Згодна з плянамі, у Падароску будзе пастаянная экспазыцыя, прысьвечаная ўдзелу беларускай шляхты ў паўстаньні Кастуся Каліноўскага.

Рэстаўрацыйныя працы будуць праводзіцца з улікам досьведу польскіх спэцыялістаў. Семянчук кажа, што Падкарытаў хацеў бы пазнаёміцца з нашчадкамі былых уладальнікаў маёнтку, выслухаць іх успаіны, па магчымасьці, адкупіць ад іх рэчы, якія ўвойдуць у будучую экспазыцыю Музэю беларускай шляхты.

эб/"Rzeczpospolita"

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт