Logo Polskiego Radia
Print

“Гэта кніга як сэрыял, ад яе немагчыма адарвацца”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 12.02.2013 11:18
Героі славутага раману Баляслава Пруса “Лялька” загаварылі па-беларуску. Інтэрвію з перакладчыцай.

/

Я трымаю ў руках першы том беларускага перакладу “Лялькі” Баляслава Пруса. Кніга мае больш за 280 старонак. У студыі – адзін з перакладчыкаў – Галіна Жарко, якая рабіла гэты пераклад разам з мужам – Міколам Хаўстовічам.

- Чаму вы ўзяліся за гэты пераклад?

Галіна Жарко: Бо кніга зацікавіла, гэта відавочна. Гадоў 7 таму, калі мы прыехалі ў Варшаву, жылі ў гатэлі, без тэлевізара, і неяк вельмі добра чыталася “Лялька”. Падалося нават, што яна падобная на сэрыял. І нездарма, бо спачатку раман друкаваўся кавалкамі ў газэце.

- “Ляльку” сёньня ставяць побач з “Дзядамі” Міцкевіча, але першае выданьне крытыкі сустрэлі вельмі холадна. Нешта падобнае вы адчулі?

Галіна Жарко: Так. І гэта зацікавіла. Чаму нейкая гісторыя каханьня гэтак трымае чытача? Бо ў гісторыі каханьня Вакульскага да Ізабэлы нічога арыгінальнага.

- Кажуць пра вельмі глыбокі для Польшчы, для польскай гісторыі, сэнс гэтай кнігі. Там паказаны тры пакаленьні: рамантыкі, ідэалісты, пазытывісты... А вы кажаце пра каханьне…

Галіна Жарко: Бо адразу ўвага на сюжэт, ён прыцягвае, і не разумееш, чым менавіта. Нібы што тут? Гісторыя, вартая дамскага рамана? Як аказалася, чытаць трэба паміж радкоў, і там поўна таямніцаў. А калі пачалі разблытвацца гэтыя таямніцы, пачала праступаць першапачатковая ідэя. Тое, чым гэта кніга трымае ўвагу чытача. Нават і сёньняшняга будзе трымаць. І чым яна трымала ўвагу сваіх першых чытачоў. Трэба было паспрабаваць апынуцца на месцы таго першага чытача, для якога яна пісалася. Гэта Варшава пад расейскай акупацыяй…

- 1870-я гады…

Галіна Жарко: У Варшаве ў гэты час 3% насельніцтва складалі расейскія чыноўнікі з сем’ямі ды яшчэ стаяла расейскае войска. Горад быў запоўнены расейцамі. Дзеяньне ў рамане таксама адбываецца ў акупаванай Варшаве. І вось чытач атрымлівае газэту, чытае адцінак за адцінкам і не бачыць аніводнага зь іх. Расейцы проста адсутнічаюць. Сьляды заўважныя. Напрыклад, у крамах разьлічваюцца рублямі, але, адначасова, пералічваюць кошт на злотыя. І вось, як я сабе ўяўляю, першыя чытачы на старонках рамана траплялі ў Варшаву без акупантаў. Адбывалася гэткая маўклівая размова з чытачом. Там на кожным кроку – зварот да чытача, які разумее, што хоча сказаць аўтар. Нам гэта трэба зараз разгадваць.

- Вось менавіта ў Пруса… ён быў гэтак званым пазытывістам, прынамсі пасьля таго, як ён удзельнічаў у Студзеньскім паўстаньні, 150-я ўгодкі якога мы адзначаем, ён стаў прыхільнікам працы, як у Польшчы кажуць, “ад пачаткаў”. Але ўсё ж кім ён быў у гэтым рамане – рамантыкам-ідэалістам ці ўсё ж пазытывістам?

Галіна Жарко: Гэта чарговая загадка, якую літаратуразнаўцы тлумачаць і так, і гэтак. Гэта быў чалавек у цёмных акулярах. Які хаваў сваю сутнасьць за цёмнымі акулярамі. І цяпер усе хочуць зразумець: што ж ён нам хацеў сказаць і пра што маўчаў.

- Ці можа быць цікавая гэта кніга для беларусаў? Людзі адвыклі ад такіх вялікіх па аб’ёме тэкстаў, а прызвычаіліся да кніг максімум 100 старонак з вострасюжэтнымі падзеямі… А тут 3 тамы. Тым больш Прус, клясыка, канец 19 ст…

Галіна Жарко: На 300 старонак тут больш за 140 зносак у тэксьце. Чытаць гэты раман трэба з тлумачэньнямі. Глядзець значэньне некаторых словаў, паняткаў, падзеяў, якія там адбываюцца. І каму гэта падабаецца, той можа заглыбіцца ў раман і пастарацца яго прачытаць. А чытаць можна не адзін раз… Дарэчы, і пераклад – гэта спроба беларускага прачытаньня.

- Цяжка перакладаўся гэты тэкст?

Галіна Жарко: І так, і не. Бэлетрыстыка не ўяўляла складанасьці. Баляслаў Прус вельмі добры белетрыст. Там няма нейкіх асаблівых моўных упрыгожаньняў. Але некаторыя рэчы ўяўлялі вялікую цяжкасьць. Напрыклад, як было перакласці “Pamiętnik starego Subiekta”? Дзёньнік Жэцкага. Суб’ект – гэта нібы прадавец. Але, калі перакладаць словам “прадавец”, дык не атрымаецца вобраз пана, што абслугоўвае пакупнікоў. Гэта было менавіта абслугоўваньне ў галянтарэйнай краме: пакупнікі садзіліся на крэслы, ім кланяліся, іх называлі гасьцямі… То бок гэты польскі “суб’ект” паводзіць сябе зусім не так, як прадавец у цяперашнім разуменьні гэтага слова. Слова “прыказчык” таксама нельга было ўжыць, хоць гэта якраз тая эпоха, калі бытавала гэтае слова на прасторах расейскай імпэрыі, бо, напрыклад, калі з Масквы прыязджаюць нейкія тры “падазроныя індывіды”, дык Жэцкі іранічна кажа пра іх: “гэтак званыя прыказчыкі”…

- Мы гаворым пра адно толькі слова ўжо гэтак доўга, а тут іх гэткая колькасьць. Колькі часу заняў пераклад?

Галіна Жарко: Цяжка сказаць. Сем гадоў таму пачалі чытаць, потым перачытваць і, відаць, правільна сказаць, што ўжо тады перачытвалася па-беларуску. Потым пачалося “перапісваньне”, уласна перакладаньне… Найлепшым спосабам прачытаць гэтую кнігу было яе перапісаць па-беларуску.

- Ці быў нейкі грант, напрыклад, ад Польскага інстытуту ці ад МЗС Польшчы… Бо выдаць кнігу, трэба ўсё ж грошы мець…

Галіна Жарко: Што тычыцца перакладу, дык сядзіш ды перакладаеш. Не ўсё робіцца за грошы. Найцікавейшыя справы можна сабе дазволіць рабіць і за так. А на сьціплае выданьне знайшлося. На гэта шмат не трэба. Затое не трэба зьвязвацца з выдавецтвамі, бо там кнігі ляжаць гадамі. І гранты не трэба пісаць.

- Атрымліваецца, што вы з мужам пераклалі гэту кнігу проста так, каб прыемна правесьці час?

Галіна Жарко: Мне, можа, і сапраўды, не было чаго рабіць. А мой муж навуковец. У яго “іншы час”. Ён свой час ашчаджае на такія рэчы. Без яго я б за гэту справу не ўзялася, бо я ж кажу, там 140 зносак у адным першым томе, ды і, апроч іх, шмат што мне было не зразумела. Але й ён бы без мяне за гэту справу не ўзяўся.

- Калі чытач атрымае другі том?

Галіна Жарко: Калі разыдзецца трохі першы, каб зарабіць на другі. А потым і трэці, які зараз рэдагуецца. Рэдагаваньне займае столькі ж часу, колькі ій пераклад.

- Якая па ліку мова беларуская для “Лялькі” Пруса?

Галіна Жарко: Беларуская – 21. Паводле бібліяграфіі перакладаў твораў Пруса да 1988 году было 18 перакладаў “Лялькі”. У Нацыянальнай бібліятэцы потым зьявілася яшчэ два – на гішпанскую й кітайскую. Цікава, што зразумеюць кітайцы, у якіх няма аніякіх асацыяцыяў ані з расейскай акупацыяй, ані з падзеямі ў Эўропе таго часу.

- Ці будзе працягвацца Прус па-беларуску?

Галіна Жарко: Я такіх задачаў перад сабою не стаўлю.

- Дзе можна будзе набыць “Ляльку”?

Галіна Жарко: Засталося знайсці толькі Пілсудскага, каб перавёз наклад. Я даведалася, што маршалак перавозіў з Кракава, дзе яны друкаваліся, кнігі Марцінкевіча… Гэта жарт. Вядома, кнігу можна будзе набыць у Беларусі.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт