Logo Polskiego Radia
Print

Павал Мажэйка: мяне ўжо дасталі каньюнктурныя палякі

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 19.02.2013 11:10
"Як беларус я не магу пагадзіцца з тым, што “польскае паходжаньне” стала на Беларусі пропускам, які дапамагае зьехаць на Захад".

/

Я паважаю палякаў у Беларусі, якія дзейнічаюць у польскіх арганізацыях за іх адвагу й рашучасьць. Але польская дзяржава дапамагае ня толькі палякам, але й людзям, якія толькі лічаць сябе палякамі. На Беларусі з-за гэтага ўзьнікла новая зьява – каньюнктурны паляк. Гэты чалавек валодае характэрнымі рысамі: ён нечакана пачынае шукаць польскія карані, хаця яшчэ ўчора нават не задумоўваўся, хто ён такі. Максымум мог дзяліцца аплаткам на сьвяты. А цяпер ён абшуквае сямейныя сховішчы з надзеяй знайсьці польскае пасьведчаньне аб нараджэньні альбо іншыя сьляды польскасьці. Ён пампуе зь Інтэрнэту Энцыкляпэдыю польскай культуры й падручнікі польскай мовы. Напрыканцы ён становіцца шчасьлівым уладальнікам Карты паляка. Што гэта, цудоўнае абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці? Добра, каб так было.

На пераломе 80-90-ых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі Беларусь здабывала незалежнасьць, у авангардзе нацыянальнага руху было шмат палякаў. Яны хацелі жыць у вольнай Беларусі, бачылі сваю будучыню ў гэтай краіне, адраджалі беларускую мову й беларускасьць. Было перакананьне, што толькі ў “беларускай” Беларусі можна будзе адрадзіць польскасьць, якая спакон вякоў, прынамсі на Гарадзеншчыне, была натуральнай зьявай.

А цяпер? Надыйшлі часы каньюнктурнага паляка – гэта спажывец прывілеяў, якія дае польская дзяржава. Ён ня хоча й ня будзе змагацца за свае правы й за правы іншых грамадзян Беларусі. Бо прасьцей выехаць на вучобу ў Польшчу. Але ці едуць тыя людзі па эўрапейскую адукацыю (без ідэалёгіі), а потым плянуюць вярнуцца ў Беларусь і тут выкарыстоўваць здабытыя веды, удзельнічаць у будаўніцтве дэмакратыі? Не. Яны эмігруюць з краіны, у якой нарадзіліся. Канешне, яны вяртаюцца, але толькі дзеля таго, каб пабачыць бацькоў, пераважна на сьвяты. Я задаю сам сабе пытаньне: ці азначае масавы выезд палякаў зь Беларусі тое, што ў маёй краіны, паводле іх, няма аніякіх шанцаў?

Павал Мажэйка, Nowa Europa Wschodnia

(Пераклад дг)

Павал Мажэйка - аўтар і вядоўца праграмаў “Два на два”, “Госьць “Белсату” . У 2005-2007 – прэс- сакратар Аляксандра Мілінкевіча. Адзін з заснавальнікаў і каардынатар незалежнай кніжнай сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”. Жыве і працуе ў Гродна.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт