Logo Polskiego Radia
Print

За набыткамі беларусы едуць у Польшчу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.04.2013 17:05
  • За набыткамі.mp3
2012 год быў рэкордным па колькасьці віз, выдадзеных польскімі консульствамі ў Беларусі.

Польшчу наведвае ўсё больш грамадзянаў Беларусі. Галоўным чынам гаворка ідзе пра жыхароў памежных рэгіёнаў РБ. Ці беларусы сталі раптам паважаць турыстычныя прываблівасьці суседняй краіны? А можа мэта іхных прыездаў зусім іншая?

У мінулым годзе Польшча была краінай, якую грамадзяне Беларусі наведвалі найбольш ахвотна. Паводле статыстычных дадзеных, летась краіну наведала ажно 3 мільёны 330 тысяч беларусаў. Дзеля параўнаньня, за гэты час у Расею й Украіну выязджала 3 мільёны 280 тысяч грамадзянаў Беларусі, а ў Летуву – 1 мільён 300 тысяч.

Большасьць зь беларусаў, якія прыязджаюць у Польшчу, заяўляюць пра прыватны характар візыту, што на практыцы азначае пакупкі ў крамах Беластока, Кузьніцы й Саколкі.

2012 год быў рэкордным па колькасьці візаў, выдадзеных польскімі консульствамі ў Беларусі. Прэс-сакратар МЗС Марцін Басацкі паведаміў, што польскія дыпляматычныя прадстаўніцтвы выдалі 350 тысяч такіх дакумэнтаў.

Марцін Басацкі: У Беларусі попыт на польскія візы велізарны. Польшча знаходзіцца ў Шэнгенскай зоне, і таму, каб уехаць на ейную тэрыторыю, беларусы мусяць атрымаць дазвол. Польскі бок хоча аблягчыць гэтую працэдуру. Ягоным палітычным і эканамічным інтарэсам зьяўляецца тое, каб у краіну прыязджала як найбольш усходніх суседзяў, то бок украінцаў, расейцаў, а таксама, а можа перш за ўсё - беларусаў.

Асноўнай мэтай паездак у Польшчу зьяўляюцца набыткі, паясьняе беларускі журналіст Аляксандар Дзікавіцкі. Хаця ў беларускіх крамах поўны асартымэнт тавараў, то ў Польшчы яны больш танныя. Беларусы купляюць у Польшчы харчовыя прадукты, бытавую хімію, электратэхніку, вопратку ды дзіцячыя тавары.

Аляксандар Дзікавіцкі: Гаворка ідзе, галоўным чынам, пра эканамічныя прычыны. У сувязі з тым, што Беларусь зьяўляецца чальцом мытнага зьвязу з Расеяй, мыта вельмі вялікае. У Беластоку той жа тэлевізар можа быць удвая таньнейшы, чым у Менску. Ня дзіўна тады, што людзі стараюцца выжыць дзякуючы гэтай розьніцы. Але ў Польшчу беларусы прыязджаюць ня толькі на пакупкі. Яны таксама наведваюць свае сем’і, прыязджаюць на экскурсіі ды на вучобу ў польскіх ВНУ.

Па дадзеных Мытнай палаты ў Беластоку, у 2012 годзе на памежных пераходах у Падляскім ваяводзтве зарэгістравана 750 тысяч дакумэнтаў „Tax Free”.

На іх падставе больш за 160 тысяч беларусаў выеxлі з Польшчы з таварамі на агульную суму каля 250 млн. даляраў. Асаблівыя чэргі назіраюцца перад асноўнымі сьвятамі, то бок, Калядамі й Вялікаднем.

Беларус Дзяніс жыве ў Менску. У Польшчы ён бывае ў сярэднім раз у месяц. У тутэйшых крамах ён купляе харчовыя прадукты, але лічыць, што найбольш аплочваецца купляць хатнюю тэхніку.

Дзяніс: Зразумела, усё залежыць ад тавару, але ў Польшчы таньней прыкладна на 30-40%. Я нядаўна купіў фотаапарат. У Польшчы ён каштаваў каля 960 даляраў. Дадаткова я атрымаў назад таксама больш за 10% ПДВ. У Менску за такі фотаапарат трэба заплаціць каля 1200 даляраў. Так што я зэканоміў каля 300 даляраў.

Некаторыя беларусы спрабуюць зарабіць на пакупках у Польшчы, напрыклад, яны едуць у Беласток, каб купіць тавар па замове.

Для тых, хто ня мае ўласнага сродка транспарту, арганізоўваюцца гандлёвыя паездкі мікрааўтобусамі. Іх ладзяць ня толькі ў блізкай Горадні, але таксама ў Менску. Кошт паездкі каля 35 даляраў.

Тым часам павялічваецца таксама колькасьць фураў, якія праходзяць мытны кантроль на польска-беларускай мяжы. У мінулым годзе памежныя пераходы ў Падляскім ваяводзтве перасяклі 476 тысяч фураў, гэта на 13% больш, чым у 2011 годзе.

У цэлым, мытня ў Беластоку пералічыла ў дзяржаўны бюджэт краіны каля 1 мільярда 700 мільёнаў злотых, у тым ліку акцызны падатак склаў 1 млрд. злотых, даходы ад ПДВ - 650 мільёнаў злотых, а даходы ад мытных пошлін - 37 млн. злотых.

Нягледзячы на тое, што беларусы маюць самыя высокія аплаты за шэгнгенскія візы ў сьвеце, яны застаюцца сусьветнымі лідарамі па колькасьці атрыманых візаў у пераліку на адну тысячу насельніцтва - 73. Гэта ў 2,5 раза больш, чым, напрыклад, у выпадку ўкраінцаў. Толькі ў мінулым годзе беларусы атрымалі каля 700 тысячаў гэткіх дакумэнтаў.

Цікава, што беларусам вельмі рэдка адмаўляюць у выдачы візы. У мінулым годзе было толькі 3,5 тысячы такіх выпадкаў.

Польскае Міністэрства замежных справаў тлумачыць, што консульствы маглі б выдаваць больш візаў, аднак дзеля гэтага трэба павялічыць іхную колькасьць у Беларусі. На гэта аднак няма згоды беларускіх уладаў. Беларусь ня хоча падпісаць таксама з Польшчай дамовы аб малым памежным руху.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт