Logo Polskiego Radia
Print

Незвычайнае дзяцінства Колі Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.04.2013 15:00
Дзевяцігадовае дзіця лічыцца 43 найбольш уплывовай асобай у Беларусі, апераджаючы мітрапаліта ды лідэраў апазыцыі.

/

Гэтай зьявай зацікавілася штодзёнка „Gazeta Wyborcza”.

Коля Лукашэнка ў свае 9 год ужо меў аўдыенцыю ў рымскага Папы Бэнэдыкта XVІ-га, сустрэчы з Уга Чавэсам, Раўлем Кастро, прэзыдэнтамі Расеі, Украіны ды Армэніі. Улюбёныя цацкі гэтага дзіцяці – зброя ды мундзіры, яму нават дораць пісталеты ў падарунак.

Упершыню, беларусы даведаліся афіцыйна пра існаваньне Колі Лукашэнкі ў красавіку 2008-га году, калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў на суботнік з маленькім хлопчыкам. Прэсавая служба беларускага кіраўніка заявіла, што ня ведае ані таго, кім быў гэты хлопчык, ані як ён трапіў на будаўнічую пляцоўку. Сакрэт раскрыўся праз некалькі дзён. Падчас аднаго з тэлевізійных рэпартажаў зноў з Лукашэнкам быў той самы хлопчык, толькі гэтым разам ён называў „татам” беларускага кіраўніка. Такім ходам, беларусы даведаліся, што іх кіраўнік мае не 2, а 3 сыноў. Малодшы Коля нарадзіўся ў 2004-м годзе, а ягонай маці ёсьць Ірына Абельская, шматгадовая асабістая лекарка Лукашэнкі, піша польскае выданьне.

Чаму менавіта тады беларусам быў паказаны малы Лукашэнка. Лічыцца, што гэта стала PR ходам па ацяпленьню іміджу „апошняга дыктатара Эўропы”. Так маленькі Коля стаў часткай вялікай палітыкі.


З таго моманту ён увесь час суправаджае свайго бацьку: разам зь ім прымае парады, наведвае заводы ды фабрыкі, сустракаецца з вэтэранамі вайны, бярэ ўдзел у культурных імпрэзах. Старэйшы Лукашэнка скардзіўся нават, што сын крыўдуе на бацьку, калі той не бярэ яго з сабой. Відаць, гэта і стала прычынай таго, што Коля Лукашэнка суправаджае свайго бацьку у афіцыйных візытах на вышэйшым узроўні. Напрыклад, у 2009-м годзе падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Армэніі, Кола Лукашэнка сядзеў у бацькі на каленях. Зьявіўся ён і на наступнай сустрэчы з украінскім прэзыдэнтам Віктарам Януковічам. Што цікава ён падганяў свайго бацьку, каб той хутчэй канчаў размову. „Тата, доўга яшчэ”, казаў малы Лукашэнка старому на вачам зьдзіўленых украінцаў, піша „Gazeta wyborcza”.

У 2010-м Кола Лукашэнка наведаў з бацькам Ватыкан, найбольш яго зацікавіла швэйцарская гвардыя. Гвардзейцаў Коля назваў клоўнамі, а ягоны бацька хваліўся, што перад імі гвардыя стаяла па струнцы.

Палітыкай стаўся і паход Колі ў дзіцячы садок ды школу. Коля не хацеў прывыкаць да дысцыпліны і замест пасьляабедзеннага перапынку выбіваў у дырэктаркі дазвол на забаву. Дарэчы, гэты экспэрымэнт Лукашэнка хутка скончыў. Коля цяпер вучыцца дома, бо мае цяжкі характар, як бацька, -- патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
59-ці гадовы Лукашэнка заявіў пра тое, што бачыць свайго малодшага сына сваім наступнікам. Маўляў настане дзень, калі Коля Лукашэнка стане кіраўніком Беларусі.

Грамадзтва на гэта адрэагавала вельмі нэгатыўна. Лукашэнка быў вымушаны тлумачыцца ды прасіць, каб ягоныя дзеці маглі спакойна жыць і працаваць, пасьля ягонага зыходу з пасады.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт