Logo Polskiego Radia
Print

Славянская “Італія” ў цэнтры Эўропы?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.05.2013 21:00
  • Славянская Італія.mp3
У галіне агратурызму ў Эўропе ёсьць ідэал – Італія.

/

50% турыстаў, якія прыяжджаюць адпачываць у італьянскія вёскі – гэта замежнікі. Пра падобны паказьнік мараць і ў Беларусі. Пустыя мары, скажуць некаторыя. Зусім наадварот, пераконваюць прадстаўнікі ГА “Отдых в деревне”. Прапануем вашай увазе размову са старшынёй дадзенай арганізацыі.

У Беларусі агратурызм разьвіваецца імклівымі тэмпамі. За апошнія 10 гадоў – гэта найбольш дынамічны сэктар у беларускім турызьме. На пачатку 2000-х гадоў у Беларусі не было ніводнай аграсядзібы, цяпер зарэгістравана больш за 2000. Гэта адбылося дзякуючы зацікаўленьню людзей, зьменам у заканадаўстве ды настойлівасьці грамадзкіх арганізацый, як вышэйзгаданай “Отдых в деревне”.

Пра сельскі турызм у Беларусі мы размаўляем з Валерыяй Кліцуновай, старшынёй ГА “Отдых в деревне”.

/

Валерыя Кліцунова: Усё пачалося ў 2002-м годзе з нуля. Тады была створана наша арганізацыя “Отдых в деревне”. Цяпер, паводле апошніх дадзеных, зарэгістравана 2057 сядзіб. Цяжка сабе ўявіць галіну з больш імклівым разьвіцьцём. У асноўным разьвіцьцё ідзе за кошт уласных грошай ды інвэстыцый гаспадароў. Ёсьць праграма крэдытаваньня Аграпрамбанка з таннымі грашыма пад 5%. Многія скарысталіся гэтымі сродкамі, але цяпер яна не працуе. Дзяржаўных грошай няма, але ёсьць вельмі ляяльны закон. Людзі, якія займаюцца агратурызмам, ня плацяць падаткаў. Гэтая дзейнасьць ня лічыцца прадпрымальніцтвам.

У зьвязку з гэтым беларускі агратурызм разьвіваецца за кошт свабоды творчасьці ды інавацыяў. Пасьпяховых прыкладаў вельмі шмат, кажа суразмоўца.

Валерыя Кліцунова: Напрыклад, у нас ствараюцца “Зялёныя маршруты”. У нас цяпер зьяўляюцца клястэры. Людзі аб’ядноўваюць свае рэсурсы, каб прасоўваць свой рэгіён. Ствараюцца эка-музэі. Вельмі шмат новых фэстываляў ладзіцца на розныя й надзвычайныя тэмы, таксама лякальнага й рэгіянальнага характару. Галоўнае тое, што шмат дзе запрацавала прыватна-дзяржаўнае партнэрства. Калі людзі працуюць на сваёй тэрыторыі, яны ўсе зацікаўленыя ў паляпшэньні свайго месца пражываньня, каб яно дынамічна разьвівалася. Вельмі часта турызм – гэта адзінае, што можа прынесьці грошы.

Патэнцыял гэтай дзейнасьці пачынае заўважаць усё больш беларусаў, кажа Валерыя Кліцунова.

Валерыя Кліцунова: Калі 10 гадоў таму мы пачыналі прасоўваць гэтую ідэю – ніхто ня верыў. Усе казалі – тут не Летува ды ня Польшча. Законаў няма, а нашы людзі – няздольныя. Удалося і заканадаўства стварыць, і людзі апынуліся вельмі творчыя. Цяпер пайшоў працэс, што шмат людзей пераяжджаюць жыць з горада ў вёску, дзе займаюцца агратурызмам.

Сярод тых, хто едзе адпачываць на вёску, дамінуюць жыхары краіны, потым ідуць грамадзяне Расеі, а на трэцім месцы – палякі.

Валерыя Кліцунова: Статыстыка амаль аднолькавая для ўсіх эўрапейскіх краін. Асноўная колькасьць турыстаў – гэта турысты з краіны. 85% гэта жыхары сваёй краіны. У Беларусі гэта 85% беларусаў, 11-12% расейцаў, а далей госьці з 59 краін. Але трэцяе месца займаюць палякі.

Агратурыстычным “ідэалам” у Эўропе часам называюць Італію. Дзякуючы сельскаму турызму яны змаглі прыцягнуць да сябе больш за 50% замежных гасьцей. Гэта за мэту сабе ставяць і беларускія энтузіясты сельскага турызму.

Валерыя Кліцунова: Мая мара, каб Беларусь стала краінай агратурызму. Таму што ў нас людзі вельмі душэўныя, шмат традыцыяў на вёсцы, краіна бясьпечная, мы можам стварыць свой агратурыстычны прадукт і стаць такой славянскай Італіяй для ўсёй Эўропы. Але на гэта трэба працаваць. Трэба вырашыць пытаньне віз, вывучыць ангельскую мову, указальнікі ды інфраструктуру падымаць, але гіпатэтычна мы можам. Пакуль жа ў нас ў першую чаргу гэтым цікавяцца беларусы, але вельмі хутка прырастаюць расейцы. Для іх тут вельмі добрыя цэны, няма бар’еру замежнай мовы, і прыяжджаюць на тыдзень і даўжэй. Нашых людзей гэта задавальняе. Таму наш рынак расьце.

Сельскі турызм, або агратурызм – гэта ў першую чаргу арганізацыя адпачынку блізка да прыроды, ва ўмовах чыстага навакольнага асяродзьдзя, вясковай цішыні ды прасторы.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт